Трохдзённы трансгранічны маршрут для грамадзян Беларусі і Расеі ўключае Оршу (аглядная экскурсія, музеі), аграгарадок Александрыю (музей першага прэзідэнта Беларусі), Шклоў (будынкі ратушы і сінагогі), Магілёў (аглядная экскурсія, музеі), Мсціслаў (аглядная экскурсія), Пустынкі (манастыр ХVІ стагоддзя), Смаленск (аглядная экскурсія, музеі). Але карта вялікага падарожжа пакуль яшчэ ў распрацоўцы, і верагодна, што будуць змены, сказалі ва ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. А ў Шклове паралельна распрацоўваецца маршрут, звязаны з жыццём і дзейнасцю першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Ад Шклова да Александрыі 20 кіламетраў. Ідэолаг гаспадаркі ААТ «Александрыйскае» Алена Гвоздзева знаёміць з мясцінамі, расказвае пра старажытныя курганы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, пра маляўнічыя мясціны, захаванне традыцый, Трафімаву крыніцу, піша газета "Звязда". Па расказах жыхароў, вада ў ёй заўсёды вельмі цанілася, яе лічылі святой. Яна можа і месяц стаяць, і год — праверана ўжо, не псуецца. На Хрышчэнне яе наведвае каля 2,5 тысячы чалавек. Дарэчы, адноўлены дом прэзідэнта непадалёк, гэта былая вёска Александрыя 2, а пасля таго як яна ўлілася ў аграгарадок Александрыю — проста вуліца Крынічная. Але народ па-ранейшаму называе яе Александрыя 2, ды і ўказальнік застаўся.
Нарадзіўся прэзідэнт у Копысі, тады гэта была вёска Віцебскай вобласці, а зараз аграгарадок. Там функцыянавала найбліжэйшая бальніца. Ад Александрыі да Копысі рукой падаць — мост цераз раку перайсці. Раней жыхары перапраўляліся ў Александрыю на пароме або лодках, а потым для іх пабудавалі мост. «І гэта выгадна ўсім, — удакладняе ідэолаг. — Гаспадарка «Старыя Стайкі», якая знаходзілася ў Копысі, зараз частка ААТ «Александрыйскае». Акцыянернае таварыства сёння адно з паказальных, бо гэта аграгаспадарка краіны з замкнёным цыклам вытворчасці, тут працуюць 1624 чалавекі, створана 32 структурныя падраздзяленні. Таксама александрыйскія работнікі адзначаюць, што ўсе наведвальнікі любяць фатаграфавацца за партай, за якой сядзеў Лукашэнка.
Таксама "Звязда" адзначае ў сваім матэрыяле, што гасцей такога маршрута чакае крэсла дырэктара саўгаса "Гарадзец". Існуе мясцовая "легенда", маўляў, кожны, хто пасядзеў на ім, атрымае павышэнне па службе.