Жанчына, якая ў Оршы працавала ткачыхай, прыехала ў Магілёў да сяброўкі - паведамляе сайт газеты "Магілёўскія ведамасці" са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка мясцовага РАУС. З сяброўкай жанчына выпіла, паскрадзілася на жыццё, пагаварыла па душах і сабралася назад у Оршу. Але пасля шчырай размовы на якой яна ўзгадала ўсе свае праблемы, жанчыну накрыла крыўда на ўвесь свет. А тут яшчэ па дарозе сустрэлася прыпаркаваная машына, якая была вельмі падобная на машыну мужчыны які нядаўна яе кінуў.
Злосць захлынула выпіўшую жанчыну і машына падобная на машыну былога стала першай ахвярай гэтай злосці. Ткачыха разбівала люстэркі аўтамабіля разам з мацаваннямі да іх і, відавочна, атрымлівала ад працэсу задавальненне, бо калі на машыне "былога" люстэркі скончыліся яна пераключылася на суседнія аўта. У выніку ад дзеянняў няшчаснай аршанскай ткачыхі пацярпела агулам 4 легкавых аўтамабілі. Толькі пасля чацьвертага аўто жанчына прыйшла ў сябе і спынілася, а праз некаторы час па заяве аўтаўладальнікаў была затрыманая.
Яе дзеянні кваліфікаваныя як хуліганства і цяпер вырашаецца пытанне ці заводзіць крымінальную справу, ці пакараць жанчыну адміністрацыйна.