Уступная частка тут. Крыху пра Швецыю і шведаў тут.
Як вядома яшчэ са школьнай лавы, сама назва нашай першай дзяржавы Русь варажскага паходжання (дагэтуль тэрмін “Русь” выкарыстоўваецца для пазначэння Швецыі ў фінскай і эстонскай мовах). У шведскіх крыніцах краіна Русь атрымала ўласную назву “Гардарыка” – краіна ўмацаваных гарадкоў. Аднім з цэнтраў яе быў Полацк.
На малюнку: Шлях “варагаў у грэкі”
Як раз праз нашы землі прайшоў славуты гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. Мэтай жа падарожжаў варагаў-купцоў быў Канстанцінопаль – найбуйнейшы цэнтр тагачаснага свету, сталіца магутнай Візантыі. Галоўным аб’ектам гандлю шведаў былі рабы, якіх абменьвалі на серабро. Невыпадкова скарбы куфіцкіх дырхемаў (сярэбраных манет, якія чаканіліся на Блізкім Усходзе ў ХІ-Х стагоддзях) былі знойдзены на ўзбярэжжах Дзвіны і Дняпра, на тэрыторыі Аршаншчыны ды суседніх Дубровенскага, Сенненскага, Талачынскага і Лёзненскага раёнаў.
“Паступова, на працягу стагодзьдзяў, – зазначае Андрэй Катлярчук, – скандынаўская палітычная эліта асыміліравалася ў славянскім асяродзьдзі. Тутэйшыя абшары, населеныя ўсходнімі славянамі, атрымалі назву Русь і вызналі праваслаўе. Вынікам стаў своеасаблівы скандынаўска-славянскі сымбіёз. Этнолягі даўно заўважылі, што ў адрозьненьне ад звычайных палітонімаў (этнонімаў), палітонім “рускі” адказвае на пытаньне “чый”, але не на пытаньне “хто” (паляк, немец і г.д.). Таму ўсходнеславянскія этнасы лічыліся ў сярэднявеччы “рускімі” (арфаграфія арыгінала –В.Л.).
На малюнку: Рагвалод Полацкі. Рагнеда. Манета Рэспублікі Беларусь.
Першая гістарычная дзяржава на беларускіх землях – Полацкае княства – было створана вікінгам Рангвальдам (Рагвалодам). Ён і паклаў пачатак дынастыі полацкіх князёў. Як мяркуюць гісторыкі, для забеспячэння кантролю і абароны Полацкае княства заснавала ў ХІ стагоддзі шэраг невялікіх гарадзішчаў-умацаванняў. Сярод іх ва ўсходнім накірунку была і Орша. Менавіта з дзейнасцю аднаго з нашчадкаў Рагвалода полацкага князя Усяслава Чарадзея (1041-1101) звязана першае ўпамінанне нашага горада (1067 год) на старонках летапісу “Аповесць мінулых гадоў”.
Пра шведскі ўплыў на культуру месцічаў сведчаць і знаходкі археолагамі, у тым ліку на Аршаншчыне, рэчаў скандынаўскага паходжання, а таксама прывазных з Кіева, Візантыі, арабскага свету.
Вызначаюць вучоныя і шматлікія лексічныя запазычанні са шведскай мовы. Пералічым толькі беларускія словы з гандлёва-рэчавай сферы: бязмен, вандраваць, гандаль, госць, дрот, скрыня, торг і іншыя.
Такім чынам скандынаўскі або старашведскі этнакультурны ўплыў на землі Беларусі быў вельмі моцны. Спазналі яго і нашы продкі.
Працяг тут.