Па вялікім рахунку, ужо нічога дзіўнага няма, што дзікія птушкі застаюцца на зімоўку ў Беларусі. Халадоў гэтыя птушкі, насамрэч, не баяцца - адлятаюць яны з-за голаду. Але добрыя гараджане гатовыя падкормліваць птушак у зімовы перыяд. Праўда, не заўсёды правільна падкормліваюць, у прыватнасці, хлебам карміць птушак не варта. Так у гэтым годзе на Дняпры каля Гарадзішча спакойна перазімавалі тры лебядзі. Падобна, што гэта лебядзіная пара з сынком, якому яшчэ не споўнілася і года - пра гэта гаворыць яго крыху шэрая афарбоўка. Птушкі зімавалі разам з вялікай стаяй качак, якія ўжо па звычцы застаюцца ў гэтым месцы на зімоўку.
І хаця да каляндарнай вясны рукой падаць, птушкам яшчэ давядзецца пацярпець холаду - на бліжэйшыя выходныя Белгідраметцэнтар абяццае чарговае паніжэнне тэмпературы да -8 градусаў з магчымай завірухай.