На гэтых выходных каля Дома культуры чыгуначнікаў аршанцы па фальклорных традыцыях праводзілі зіму (у суседніх Талачыне і Горках провады прайшлі на тыдзень раней). У язычнікаў гэтае свята і яго абрады павінны былі паскорыць прыход вясны і цёплага надвор'я. У Оршы атрымалася наадварот. Літаральна праз пару гадзін пасля сканчэння святкавання, у Оршы пахаладала і пайшоў дождж. А яшчэ праз пару гадзін гэты дождж пераўтварыўся ў снег. Ужо другі дзень Аршаншчына зноў пад снегам, хаця і пад малым яго слоем.
Праўда, сінаптычныя прагнозы гавораць, што вясна прыйдзе непазбежна - з кожным днём будзе ўсё цяплей і цяплей. Ужо ў сераду 13 сакавіка тэмпература днём зноў стане плюсавой - да 3 градусаў. У чацвер стане яшчэ цяплей - плюсавая тэмпература будзе не толькі днём, але і раніцай і вечарам. А ў пятніцу плюс будзе і ноччу. Тэмпература будзе хаця і плюсавая, але не высокая - у пятніцу да +6, а ў суботу і нядзелю да +8.