Графіці якія рэкламуюць інтэрнэт-крамы наркотыкаў у Оршы з'явіліся яшчэ восенню мінулага года і з'яўляюцца ва ўсё большай колькасці. Міліцыя не можа эфектыўна змагацца з гэтымі нелегальнымі рэкламшчыкамі. Ды і камунальшчыкі не паспяваюць замалёўваць усе надпісы. Але неабыякавыя людзі разумеюць наколькі такія графіці небяспечныя, нават, для чалавечага жыцця - наркадыллеры прапануюць даволі небяспечныя рэчывы.
У выніку для барацьбы з рэкламай наркотыкаў пачынае мабілізоўвацца само грамадства. З уласнай ініцыятывы жыхар Оршы Андрэй пачаў самастойную барацьбу з рэкламай небяспечных наркотыкаў. Ён звярнуўся ў міліцыю, звярнуўся ў Оршакамгас - абедзве інстанцыі сказалі, што не будуць супраць, калі замалёўваць графіці людзі возьмуцца самастойна. За свае сродкі Андрэй купіў фарбу і цяпер на яго рахунку ўжо некалькі дзесяткаў знішчаных рэкламных графіці. Але ці будзе дастаткова аднаго чалавека для змагання з такой колькасцю рэкламы?