Месяц таму на нашым сайце скончылася апытанне "Канцэрты якіх кірункаў вы хацелі б часцей бачыць у Оршы?" Агулам у апытанні прынялі ўдзел 291 чалавек, што не так і шмат у параўнанні з іншымі апытаннямі на нашым сайце. Вынікі здзівілі і аўтараў апытання - на першым месцы з 74 галасамі апынулася рок-музыка. Можа быць гэта таму, што ў Оршы ўжо даўно вельмі мала канцэртаў рок-гуртоў. Два-тры канцэрты за год, відавочна, не задавальняе аматараў гэтай музыкі.
Затое ў Оршы даволі шмат праходзіць канцэртаў так званага "рускага шансона", але ён сабраў у апытанцы толькі 19 галасоў, што ставіць яго ўсяго толькі на сёмае месца сярод прапанаваных варыянтаў для галасавання.
Ніжэй за шансон аказаліся толькі фальклор з 4 галасамі, электронная музыка 8 галасоў, рэп з 10 і класічная музыка з 12 галасамі.
Даволі шмат набралі і цяжкія кірункі музыкі - цяжкі рок і метал - 31 голас.
На другім месцы ў апытанні выйшлі "Старыя хіты" - 46 галасоў.
29 чалавек выказалі меркаванне, што галоўнае, каб у Оршы больш выступала беларускіх выканаўцаў, а 33 выказаліся за замежных выканаўцаў. І 25 чалавек сказалі, што для іх больш цікавыя іншыя віды мастацтва, а не музычныя канцэрты.