Па адным матчы засталося згуляць аршанскім камандам у рэгулярным першынстве Віцебскай абласной непрафесійнай баскетбольнай лігі. Напярэдадні абедзве правялі перадапошнія сустрэчы.
СДзЮШАр №2 у гасцях саступіла "Віцебскхлебпраму" 78:83. Першую чвэрць аршанцы прайгралі 20:24, а ў другой была нічыя 12:12. Трэцяя засталася за нашымі юнакамі 26:24, што пакідала ўсю інтрыгу на заканчэнне паядынку. На вялікі жаль, віцебчане былі больш удалымі - 23:20. Матч застаўся за імі. Аршанец Станіслаў Вараб'еў быў прызнаны адной з зорак сустрэчы.
А вось "Сяргееў В" здабыў перамогу. Прычым супернікам быў той жа самы "Віцебскхлебпрам". Пачатак сустрэчы быў не вельмі ўдалым для аршанцаў - 26:28. Бліжэй да антракту "транспартнікі" выправілі сітуацыю, выйграўшы другую чвэрць 18:15. Ну а другая палова сустрэчы паказала сілу "Сяргеева В" - 27:23 і 33:24. Выніковая вікторыя 104:90. У складзе "Сяргеева В" лепшым гульцом быў названы Анатоль Свірыдаў.
У апошнім туры СДзЮШАР №2 прымае "БЛ Груп", "Сяргееў В" — "Трыумф".
Пакуль "Сяргееў В" займае 3-ю пазіцыю, маючы 30 балаў пасля 17 сустрэч. У нашай каманды застаецца шанец выйграць рэгулярны чэмпіянат, але дзеля гэтага трэба перамагаць "Трыумф" і спадзявацца на паразу "Фонда" ў матчы супраць "БудГандальСэрвісу". Але галоўнае - "Сяргееў В" датэрмінова прабіўся ў фінал чатырох, які і назаве пераможцу ўсяго турніру.
СДзЮШАР №2 займае 9-ю пазіцыю, маючы 21 пункт пасля 17 матчаў. У любым выпадку, юныя баскетбалісты зоймуць 9-е месца па выніках "рэгуляркі".