Сайт музычных рэкамендацый раней ужо трапляў пад частковыя блакаванні з-за наяўнасці ў сэрвісе песень, унесеных у расейскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. Расейскія аператары сувязі 5 траўня перасталі блакаваць доступ да сэрвісу. Сайт ужо даступны для абанентаў "Білайна", "Мегафона", "Акадо". Зняцце блакіровак пачалося пасля таго, як адміністрацыя сайта закрыла доступ да старонкі з песняй беларускага гурта "Apraxia" "Русь, прачніся", якая ўключана ў расейскі Федэральны пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Старонка песні "Русь, прачніся" на Last.fm трапіла ў выгрузку Роскомнадзора 30 красавіка. З-за таго, што сэрвіс выкарыстоўвае пратакол https, заблакаваць доступ толькі да адной старонкі тэхнічна немагчыма, таму аператары сувязі сталі блакаваць доступ да ўсяго сайту. Сэрвісам Last.fm ва ўсім свеце штомесяц карыстаюцца каля 40 мільёнаў чалавек. На Расею прыпадае амаль 9% яго трафіку. Ёсць мноства карыстальнікаў дадзенага сайта і ў Беларусі, хоць іх доля не так вялікая ў агульнай колькасці.
Гурт "Apraxia" — гурт, заснаваны ў 1995 годзе ў Оршы. Выконваў музыку ў стылях пэган-метал і фолк-метал. Нароўні з віцебскім калектывам "Оскал" адзіны ў Беларусі, які прама заяўляў аб сваёй прыналежнасці нацыянал-сацыялістычнаму руху. Гурт мае прамое дачыненне да стварэння ў Оршы ячэйкі экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ (расейскае нацыянальнае адзінства). Шэраг песень розных гадоў прама паказвае на ідэалогію гурта: "Армия свастики", "Русь, Проснись!", "Народ и Раса", "Кровь, Почва, Верность и Честь". За гэта ў пачатку 00-хх адмяняецца шэраг канцэртаў гурта, у прэсе выходзяць артыкулы, якія гавораць аб недапушчальнасці выступленняў "Apraxia" перад публікай. У 2003 годзе гурт змяняе назву на "Молат", а ў ідэалогіі паварочваецца да беларускага радыкальнага нацыяналізму. Да прыкладу, альбом 2012 года завецца "Пагоняй ды Новае Эры", тут з'яўляецца ўжо больш гістарычных тэкстаў, але сляды нацыянал-сацыялізму застаюцца.