У бегу на 110 метраў з бар’ерамі сярод мужчын на Еўрапейскіх гульнях у Менску аршанец Віталь Парахонька, выхаванец трэнера Аляксандра Гуціна заваяваў сярэбраны медаль. Беларус фінішаваў з вынікам 13.68 секунды. Італьянец Хасан Фофана выйграў золата з вынікам 13.60 с, бронзавым прызёрам стаў грэк Канстадзінас Дувалідзіс — 13.72.
Пасля фінішу Парахонька падзякаваў сваім прыхільнікам за падтрымку:
Задаволены сваім срэбным медалём. Рады ўнесці свой уклад у агульнакамандную скарбонку зборнай Беларусі. Так, разлічваў на максімальны вынік, але трошачкі не атрымалася. Гледачы на трыбунах, у тым ліку, мае бацькі і жонка, выдатна падтрымлівалі мяне, можна сказаць, гналі наперад. Удзячны свайму першаму трэнеру Аляксандру Гуціну з дзяржаўнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 Оршы, дзе я вырас як спартовец. Таксама дзякую майму цяперашняму настаўніку ў Менску Віктару Мяснікову, у якога я трэніруюся ўжо другі год. Дадам, што II Еўрапейскія гульні арганізаваны на высокім узроўні, параўнальным з чэмпіянатамі свету і іншымі найбуйнейшымі міжнароднымі турнірамі. Выдатныя ўмовы і ў алімпійскай вёсцы.