Савет міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 416 ад 25 чэрвеня зацвердзіў меры па рэалізацыі ўказа прэзідэнта № 106 ад 21 сакавіка аб стварэнні асобай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша». Яна ствараецца на пляцоўцы гандлёва-лагістычнага цэнтра групы кампаній «Брэміна», які запрацаў вясной. Урад зацвердзіў пералік банкаў, якія могуць быць залогатрымальнікамі права арэнды зямельных участкаў на тэрыторыі АЭЗ. У гэты пералік увайшлі «Дзяржаўны банк развіцця КНР», а таксама Экспартна-імпартныя банкі Кітая і Індыі. Цяпер яны змогуць выдаваць крэдыты «Брэміна груп» або рэзідэнтам зоны пад заклад права арэнды на іх зямельныя ўчасткі.
Таксама Саўмін зацвердзіў палажэнне аб парадку пацвярджэння вызвалення ад выплаты ўвазных мытных пошлін і ПДВ з тавараў і сыравіны, што ўвозяцца з мэтай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у асаблівай эканамічнай зоне.
З пастановы таксама вынікае, што адміністрацыя СЭЗ «Віцебск» будзе выконваць асобныя адміністрацыйныя функцыі ў АЭЗ «Брэміна-Орша» і будзе атрымліваць за гэта кампенсацыю ад «Брэміна груп». У прыватнасці, яна будзе выдаваць заключэнні аб прызначэнні тавараў, сыравіны, абсталявання, камплектуючых і запасных частак да яго, што ўвозяцца ў Беларусь для рэалізацыі інвестпраектаў у асаблівай эканамічнай зоне. Акрамя таго, пастановай зацверджаны формы дакументаў, якія будуць выдавацца рэзідэнтам зоны. Пастанова афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яна ўступіла ў сілу 22 чэрвеня 2019 года.