У сваім каментары з гэтай нагоды старшыня ФХРБ Генадзь Савілаў заявіў, што рашэнне прынятае праз тое, што «Лакаматыву» не ўдалося сфармаваць фарм-клуб. Гэта з’яўляецца абавязковым патрабаваннем рэгламенту, а таму аршанцаў у элітным дывізіёне заменіць хакейны клуб «Магілёў» (на фота), які ў пераходным турніры заняў месца за «Лакаматывам». Раней магілёўцы былі срэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі, двойчы заваёўвалі бронзу, а таксама былі бронзавымі прызёрамі Усходнееўрапейскай хакейнай лігі (УЕХЛ).
Такое рашэнне федэрацыі пракаментаваў трэнер чэмпіёнаў краіны — менскага «Юнацтва» Міхаіл Захараў у эфіры тэлеканала СТБ.
Замена «Лакаматыва» на «Магілёў», ізноў жа, неспартыўны прынцып, гэта па законе федэрацыі хакея, таму што ў Оршы няма фарм-клуба. Але, з іншага боку, яны б не знайшлі людзей. Хоць я, як старшыня трэнерскага савета, магу вам сказаць, абтэлефанаваў усіх трэнераў першага дывізіёна і ўсе сказалі: адназначна павінен быць спартыўны прынцып, павінна гуляць Орша, гэта сто адсоткаў. Я кажу: давайце трэнераў паслухаем. Ну, прынялі рашэнне трэнерскі савет не слухаць, а прагаласаваць на выканкаме. Я прагаласаваў за Оршу, таму што грошы ў іх ёсць. У іх няма проста хакеістаў. Іх і не будзе. І на наступны год не будзе, і праз тры гады не будзе. Гэта дзесьці збіраць з усёй краіны... Ну, у нас няма сёння хакеістаў, каб забяспечыць 16 клубаў. Няма, на жаль. Таму тут як атрымалася, так атрымалася.