Гэта даўно не сакрэт, што за апошнія 25 гадоў у Беларусі мноства лакальных спартовых спаборніцтваў маюць «добраахвотна-прымусовую» напаўняльнасць трыбун. Прэзідэнцкі Калядны турнір, матчы чэмпіянатаў і кубкаў Беларусі нярэдка складаюцца амаль выключна з «прыгнаных» на трыбуны школьнікаў і навучэнцаў ліцэяў, актывістаў усялякіх праўладных арганізацый тыпу БРСМ. Але часам уладам хочацца бачыць больш дарослую публіку на трыбунах — тады на прадпрыемствы спускаюцца ўказанні, нярэдка нават з прамымі пагрозамі, аб разнарадцы, неабходнай колькасці работнікаў на матчы, якім тыя зусім не цікавяцца. А ў апошні час, калі «эканамічная мадэль» пацярпела поўны крах і ўзровень жыцця працягвае істотна падаць, людзям ужо амаль не раздаюць бясплатных білетаў, а прымушаюць купляць іх за ўласныя грошы. Нахабства ўлады раздражняе людзей. На лісце, спушчаным зверху, здзеклівы подпіс "Весьма срочно".
— І мяне, і іншых лекараў да глыбіні душы абурыла, што мы «павінны» ісці на нейкі там хакей за свае грошы, а яны яшчэ план даводзяць, — піша ў телеграм-канал NEXTA аршанскі медык. — Гэта нейкі дрымучы савок! Калі таварышу Пацу (намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама які) так трэба выслужыцца перад Лукашэнкам — сам бы і хадзіў на хакейныя матчы са сваёй сям’ёй! Асабіста мне квіток давялося купіць. Першы і апошні раз. Але на хакей прынцыпова не пайду, хай і «яўка строга абавязковая». А яшчэ трэба нам галоўнаму ўрачу справаздачу прадставіць — колькі людзей і на якія месцы купілі квіткі.