У 16-м туры, які адкрываў праграму другога кругу Першай лігі Беларусі па футболе, сіня-белыя прымалі менскі клуб НФК. Аршанцам удалося перамагчы з лікам 2:1, галы за аршанцаў забілі Яўген Лебедзеў і Дзмітрый Іваноў. Апошні з 11 мячамі ідзе на другім месцы ў спісе бамбардзіраў сезону.
Дзякуючы перамозе "Орша" набрала 19 пунктаў і паднялася на 8-е месца ў турнірнай табліцы. Цікава, што і ў першым кругу чэмпіянату "Оршы" ўдалося абгуляць НФК, той матч у красавіку ў сталіцы завяршыўся вікторыяй аршанцаў з лікам 3:2. Наступную гульню падапечныя Сяргея Вехцева таксама правядуць у Оршы, у суботу чакаецца супрацьстаянне з берасцейскім "Рухам".