Для таго каб стаць кандыдатам у дэпутаты трэба сабраць 1000 подпісаў. Збіраць іх дазваляецца ў тым ліку на пікетах па зборы подпісаў, якія ў гэты перыяд можна праводзіць у многіх месцах.
Першым пікеты ў Оршы пачаў рабіць Зміцер Казлоў больш вядомы аршанцам як блогер "Серый кот". Трэці дзень запар ён з групай падтрымкі збірае подпісы на плошчы каля помніка Леніна ў цэнтры. Пікет бачны здалёк - ён аздоблены двума сцягамі: бел-чырвона-белым і сцягам з гербам "Пагоня". Плануецца, што ў гэтым месцы пікеты Казлова будуць стаяць з 10 па 12 чысло з 14 гадзін да 20-00. У далейшым бел-чырвона-белы пікет пяройдзе ў іншыя месцы горада.
Як гаворыць сам Зміцер, для яго выбарчая кампанія - гэта магчымасць як для блогера сабраць больш чалавечых гісторыяў. Проста на пікеце выстаўлена відэакамера на якую людзі могуць распавесці пра свае праблемы, а відэа з'явіцца на канале "Серый кот", які сёння мае ўжо больш за 2 з паловай тысячы падпісчыкаў і сотні тысяч праглядаў відэа.