У 1999 годзе 16 верасня ў Мінску знік палітык Віктар Ганчар і яго сябра бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. У тым жа годзе 7 мая знік былы міністар унутраных справаў, а ў час знікнення апазіцыйны палітык Юрый Захаранка. Знікненне Захаранкі яшчэ было не зразумелым, але калі пасля Захаранкі зніклі і Ганчар з Красоўскім — справа стала ясная, гаворка пайшла пра палітычныя забойствы. Пазней такім жа чынам знік і былы аператар Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі.
Менавіта 16 верасня дэмакратычныя арганізацыі ўзгадваюць памяць усіх зніклых палітыкаў. У гэтым годзе выбарчая кампанія дазволіла ўпершыню за многія годы ў Оршы выйсці на вуліцы з партрэтамі зніклых.
У панядзелак 16 верасня АГП выйшла на пікет па зборы подпісаў за кандыдата Сяргея Пракапчука з партрэтамі Завадскага, Красоўскага, Ганчара, Захаранка ды Генадзя Карпенка (некаторыя падазраюць, што ён мог быць атручаны) і надпісам «Мы памятаем». Пікет адбываўся каля былога Дома культуры Ільнокамбінату.