Чарговыя паламенцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 17 лістапада. Калі выбары былі абвешчаны мы паставілі на сайце апытанне «За каго вы прагаласавалі б на парламенцкіх выбарах?». У апытанні не было прозвішчаў кандыдатаў, што лагічна, бо кандыдаты яшчэ не зарэгістраваныя — пакуль ідзе працэс іх вылучэння.
У апытанне мы змясцілі галоўную характарыстыку кандыдатаў, калі б выбары праходзілі па прапарцыйнай сістэме, а не мажарытарнай як у нашай краіне: па палітычных прыхільнасцях. Агулам апытанне сабрало 475 галасоў. Самым папулярным адказам стаў варыянт «Не пайду на выбары ўвогуле» — 45,7%. Гэта і не дзіўна — беларускія парламенцкія выбары мала што вызначаюць — парламент моцна абмежаваны ў сваіх паўнамоцтвах, а тыя дэпутаты якія ў яго патраплялі ад моманту заснавання «Палаты прадстаўнікоў» вельмі безініцыятыўныя і шэрыя. Колькасць выбарцаў, якія ідуць на выбары і без таго ў апошнія часы была малая, асабліва ў вялікіх гарадах.
На другім месцы аказаўся адказ «За кандыдата ад апазіцыйнай патыі/арганізацыі». Варта адзначыць, што ў гэтым годзе дэмакратычных кандыдатаў вылучаецца ў дэпутаты даволі шмат, пры тым, што яшчэ не прайшоў працэс партыйнага вылучэння, які дадасць яшчэ кандыдатаў. А значыць, выбарчая кампанія можа быць даволі актыўнай — дэмакраты звычайна хаця і не разлічваюць на тое, што патрапяць у парламент (з-за не празрыстага падліку галасоў), але актыўна выкарыстоўваюць кампанію для агітацыі. Гэта можна заўважыць ужо зараз. Пакуль з выбаршчыкамі сустракаюцца толькі дэмакратычныя кандыдаты пад час пікетаў. Выключэнне дзеючы дэпутат Чудовіч, які нядаўна сустракаўся з выбарцамі Арэхаўска, пад час асабістага прыёму.
Дарэчы за кандыдата ад улады паводле таго ж апытання хочуць прагаласаваць толькі 7% прагаласаваўшых. Бачна, шэрасць дзяржаўных чыноўнікаў і на выбарах і ў дэпутацкіх крэслах людзям надакучыла не зважаючы на палітычныя перакананні, бо сайт чытаюць і многія прыхільнікі дзеючай улады — дакладна больш за 7%.
А, вось, за ўмоўнага незалежнага кандыдата гатовыя прагаласаваць 8,2%. Падобна на тое, што попыт на нейкую «трэцюю сілу» ў Беларусі і ў прыватнасці сярод нашых чытачоў яшчэ не выспеў.
Апытанне не прэтэндуе на абсалютную аб’ектыўнасць, але пэўныя прыярэтэты выбаршчыкаў з яго таксама можна ўлавіць.
Да 4 кастрычніка на нашым сайце працягваецца апытанне «На якой мове варта рабіць аб’явы ў грамадскім транспарце Оршы?», а пазней мы зноў вернемся да тэмы выбараў.