На выязным матчы ў Баранавічах фанаты "Оршы" адзначылі 505-ю гадавіну перамогі ў Аршанскай бітве — адной з найяскравейшых перамог у беларускай гісторыі. Доўгі банэр з надпісам "Воі, на Крапіўне перамога" быў вывешаны на стадыёне "Лакаматыў" у Баранавічах, дзе, як паведамляў наш сайт, сіня-белыя ўпэўнена перамаглі мясцовы клуб з лікам 2:0 і падняліся на 8-ю пазіцыю ў табліцы Першай лігі футбольнага чэмпіянату Беларусі.
Традыцыйна перамогу пад Оршай узгадваюць увесь месяц, але асабліва 8 верасня — на Дзень беларускай вайсковай славы, які пакуль не мае статусу афіцыйнага свята, але шануецца аршанцамі розных поглядаў, паколькі і пяць стагоддзяў таму людзі рознага веравызнання і паходжання аб'ядналіся, каб абараніць Вялікае княства Літоўскае і адзін з важных яго гарадоў, якім з'яўлялася Орша.