Каментуючы рэакцыю сям'і амерыканскага прэзідэнта на падарункі, перададзеныя праз экс-дарадцу па пытаннях нацыянальнай бяспекі ЗША Джона Болтана, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сужэнцам Трампам вельмі спадабаўся аршанскі лён. Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас візіту на «Карэлічы-лён», а сюжэт з дадзенымі словамі быў паказаны на АНТ.
Мы ўмеем добрыя тканіны рабіць. Я нядаўна жонцы прэзідэнта ЗША перадаў вырабы з ільну. Яны ахкаюць і вохкаюць і пытаюцца, дзе гэта можна купіць. Гэта кажа аб тым, што мы не ўмеем прадаваць свой тавар. Давядзецца вучыць тых, хто павінен гэтым займацца.
Невядома, ці сапраўды Меланія Трамп альбо яе муж Дональд менавіта такім чынам адрэагавалі на падарункі з Беларусі, а менавіта на аршанскі лён. Нідзе публічна яны пра гэта не выказваліся. Улічваючы тое, што за некалькі дзён да гэтага Лукашэнка сказаў, што новы аўтамабіль "Тэсла" яму падарыў Ілон Маск, а сам Маск абвергнуў гэтыя словы беларускага прэзідэнта, інтэрнаўты мяркуюць, што і тут Лукашэнка не сказаў праўды. Сталі з'яўляцца вясёлыя карцінкі — мемы на гэтую тэму. Прапануем літаральна некалькі з іх вашай увазе.