Каля Цэнтральнага рынку 29 верасня прайшоў чарговы пікет па зборы подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў. На гэты раз - як і ў некаторыя іншыя дні - тут можна было падпісацца адразу за некалькіх кандыдатаў блізкіх па палітычных поглядах. Асаблівасцю гэтага пікета стала тое, што на яго прыехаў Мікалай Статкевіч - кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада".
Сваёй прысутнасцю ён не толькі падтрымаў кандыдатаў, якія ўваходзяць у аргкамітэт яго партыі, але і абвесціў перад прысутнымі, што плануе балатавацца ў наступным годзе кандыдатам у прэзідэнты.
Прысутнасць Статкевіча прыцягнула ўвагу не толькі звычайных аршанцаў, але і правакатараў. Двое мужчынаў падыйшлі да пікету калі Мікалай Статкевіч пачаў адказваць на пытанні сабраўшыхся. Яны былі ў масках і ў касцюмах чалавека-павука. Правакатары разгарнулі вясёлкавыя сцягі, якія асацыююцца ў большасці з сэксуальнымі меньшасцямі, і пакрычалі нешта ў падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў ды самога Статкевіча. Разабраць выкрыкі было складана, бо чалавекі-павукі пабылі каля пікета меньш за хвіліну, а потым сыйшлі ў бок рынка.