Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, якія мы атрымалі з шэрагу ўчасткаў акругі №26 праўладны стаўленнік, былы дэпутат Віталь Чудовіч не стане новым дэпутатам - яго абыйшоў кандыдат Віталь Васюкоў.
Гэта вельмі нечакана ўлічваючы, што выбары ў Беларусі даволі не празрыстыя, а выбарчыя камісіі па Аршаншчыне былі сфармаваныя практычна без прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый. Што праўда, па 26-ай акрузе і не засталося аніводнага дэмакрата сярод кандыдатаў - усе хто быў больш-меньш незалежным былі выключаны з выбараў на этапе рэгістрацыі. Складалася ўражанне, што на 26-ай акрузе пры адсутнасці дэмакратаў камісіі могуць рэальна падлічыць галасы і выбары будуць сумленнымі. Праўда, у сумленнасці падліку галасоў у назіральнікаў-правабаронцаў усё адно былі сумнівы з-за яўна завышанай яўкі выбаршчыкаў.
Раней мы называлі Чудовіча галоўным праўладным кандыдатам, які і павінен быў перамагчы на выбарах. Пры гэтым гаварылі, што яго яўны дублёр Дымкоў, а з незразумелай роляй ідзе Віталь Васюкоў. Васюкоў - работнік "Беларусбанку", але вылучаны быў не сваім працоўным калектывам, а калектывам Легмашу.
Па тых дадзеных, якія паступаюць нам з выбарчых участкаў менавіта Васюкоў і перамагае на выбарах па 26-ай акрузе. Так, на аршанскай акрузе №49 Васюкоў атрымаў 391 голас выбаршчыкаў, а Чудовіч - 111. Астатнія кандыдаты - меньш за сто галасоў. У Бабінічах Васюкоў атрымаў 709 галасоў, а Чудовіч 549. Астатнія - меньш за 200 галасоў. Падобныя ж лічбы прыходзяць і з іншых участкаў для галасавання па 26-ай акрузе.
Нагадаем, што па нашай інфармацыі ў чацьвер у Чудовіча здарыўся інсульт і, магчыма, такая змена фаварыта звязана з раптоўнай хваробай. Хаця можа быць хвароба як раз стала вынікам змены фаварыту - у дадзеным выпадку можна толькі строіць здагадкі. Але Васюкоў вёў вельмі слабую выбарчую кампанію і наўрад ці мог запомніцца выбаршчыкам. З іншага боку, калі падлік галасоў быў рэальна сумленным, то яго перамога можа быць звязана проста з першым месцам у спісе кандыдатаў. У сітуацыі, калі выбаршчыкі не ведаюць аніводнага кандыдата (а выбарчая кампанія па гэтай акрузе была зусім не яркая), то людзі маглі проста галасаваць за першага ў спісе.
Але скажам праўду, Васюкоў таксама вылучаўся з дапамогай адміністратыўнага рэсурса, адпаведна пры падтрымцы ўладаў. Таму і галасаваць у парлменце ён будзе дакладна так жа сама, як і галасаваў бы Чудовіч і для шэраговага аршнаца нічога прынцыпова не зменіцца. Хаця калі выбары падарылі такі сюрпрыз, то можа быць і дэпутаты яшчэ здзівяць нас.