Віталь Чудовіч - асноўны праўладны кандыдат, які мусіў перамагчы на парламенцкіх выбарах, але перамог Віталь Васюкоў, які, нават, не вёў агітацыйнай кампаніі. Пры гэтым, па нашай інфармацыі ў чацьвер - за тры дні да выбараў у Чудовіча адбыўся інсульт. Атрымаць каментар наконт стану здароўя кандыдата ў дэпутаты мы не змаглі. Але ў суботу журналісты "Нашай Нівы" паспрабавалі дазваніцца да Чудовіча. Звязацца журналісты змаглі не з самім Чудовічам, а з яго памочніцай, якая не змагла растлумачыць дзе знаходзіцца Віталій Ігаравіч.
У нядзелю дэпутат сам перазваніў у рэдакцыю "Нашай Нівы". Размова, праўда, атрымалася кароткая. Чудовіч сказаў, што едзе за стырном. На пытанне ці быў у яго інсульт, Чудовіч адказаў пытаннем: "Калі б у мяне быў інсульт, я мог бы ехаць?" А потым скончыў размову: "Прабачце, праязжаю скрыжаванне, кладу трубку".