Пасля завяршэння футбольнага сезону 2019 года доўга не было ніякай інфармацыі пра будучыню трэнерскага штаба футбольнага клуба "Орша". Шэраг гульцоў выступалі за аршанцаў на правах арэнды і па заканчэнні чэмпіянату ў Першай лізе вярнуліся ў свае клубы. Затым папаўзлі чуткі, што трэнерскі штаб "Оршы" на чале з Сяргеем Вехцевым быў жорстка раскрытыкаваны на пасяджэнні ў Аршанскім райвыканкаме, кіраўнікоў не задаволіла 9-е месца ў табліцы. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не было.
Затым у рэдакцыю Orsha.eu прыйшлі неафіцыйныя звесткі з інфармаваных крыніц аб тым, што Сяргей Вехцеў у наступным сезоне ўжо не будзе трэніраваць "Оршу". Афіцыйны сайт клуба fc-orsha.com і раней не быў інфарматыўным, а пасля сезону на ім толькі выдалілі некалькіх футбалістаў са складу каманды. Па стане на 16-га студзеня Сяргей Вехцеў яшчэ значыцца галоўным трэнерам каманды. Аднак па інфармацыі Дзяржаўнай службы занятасці Рэспублікі Беларусь, ФК "Орша" размясціла абвесткі пра адкрытыя вакансіі на пасады старшага трэнера і трэнера-адміністратара. У інтэрнэце таксама размешчаныя аб'явы, у прыватнасці, на сайце belmeta.
Зарплата трэнеру, які возьмецца за "Оршу" — 725 рублёў. У адміністратара будзе аклад 562 рублі. Старшы трэнер мусіць мець вышэйшую адукацыю, адміністратар сярэднюю спецыяльную. Футбольныя клубы звычайна падбіраюць трэнераў з дапамогай індывідуальных пошукаў, аднак у Оршы пайшлі іншым шляхам і набіраюць па аб'яве.