Генеральны план Оршы ствараўся ў 2017 годзе і па задуме павінен быў рэгуляваць горадабудаўнічую стратэгію горада да 2030 года. Як і павінна быць, генеральны план быў выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, хаця — традыцыйна — не прыцягнуў вялікай увагі насельніцтва. Але нават тыя некалькі дзесяткаў аршанцаў, якія праявілі ініцыятыву і паўдзельнічалі ў прэзентацыі і абмеркаваннях выявілі ў генплане шмат кепскага. Так, у лесе ў раёне Заходняй паводле генплану павінен з’явіцца вайскова-спартовы комплекс, які — як гаварылася ў клуарах абмеркавання — будзе па-сутнасці танкавым палігонам, паміж возерам Шчацінкаўскім і Адроўкай мусіць з’явіцца велізарная новая дарога, якая разаб’е на дзве паловы самую папулярную ў Оршы зону пляжнага адпачынку. А на беразе самой Адроўкі мусіць з’явіцца новы раён элітарнай катэджнай забудовы ды інш. Па ўсіх гэтых ды іншых пытаннях у выканкам паступалі прапановы з просьбай змяніць ці цалкам адмяніць такія планы, але аніводная прапанова па зменах генплану так і не была прынята.
Праўда, пазней змены хацеў унесці і тагдашні мэр Оршы Аляксандар Пазняк, яны тычыліся аб’яднання вёскі Дачная з Оршай і гэтая прапанова таксама не ўвайшла ў Генплан.
Нечакана выканкам усё ж такі ўнес нейкія змены ў генплан — хаця на сайце выканкаму не паведамляецца што гэта за змены — і выставіў план на абмеркаванне яшчэ раз. Генеральны план Оршы будзе абмяркоўвацца паралельна з генеральным планам Балбасава куды таксама былі ўнесеныя змены. Абодва планы будуць экспанавацца да 12 лютага. Генеральны план Оршы будзе экспанавацца ў фае райвыканкаму, а Балбасаўскі ў будынку пасялковага выканкаму. Свае прапановы па генпланах можна будзе дасылаць да 22 лютага ў адпаведныя выканкамы.