Як наш сайт раней пісаў, дзясяткі прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі далучыліся часткова альбо цалкам да Агульнанацыянальнага страйку, які ставіць на мэце адстаўку самадзяржаўнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, пакаранне сілавікоў за катаванні затрыманых мітынгоўцаў і новыя справядлівыя выбары. Пры гэтым Менскі трактарны завод (МТЗ) насуперак ранейшым заявам, пакуль так і не пачаў масавай забастоўкі. Бачачы адсутнасць адзінства ў шэрагах рабочых, іх страх, улады пачалі пераслед людзей па адным. Кіраўнік страйкаму прадпрыемства Сяргей Дылеўскі напярэдадні быў затрыманы і асуджаны рэжымным судом да 10 сутак арышту. Іншыя супрацоўнікі, якія ўваходзяць у страйкам, сёння мелі размову з начальствам.
Іх збіраюцца адправіць у камандзіроўку ў Оршу. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на саміх рабочых:
Сёння аб 11.00 — у рабочых у гэты час абед пачынаецца, была сустрэча на тэрыторыі завода, на якую прыйшоў намеснік гендырэктара па вытворчасці. Ён забараніў раздаваць якія-небудзь улёткі і сказаў, каб ў 11.20 былі ўсе на працоўных месцах. Чуткі пра тое, што актывістаў хочуць адправіць у камандзіроўку на Аршанскі інструментальны завод на месяц, хадзілі з самай раніцы. Потым гэтую інфармацыю давялі начальнікі ў цэхах. Па словах работнікаў, адправіць у камандзіроўку хочуць каля 20 чалавек. Загаду пакуль не было, але спіс прозвішчаў ўжо ёсць у кадравікоў.
Адсюль пытанне, ці не перакінецца страйк дзякуючы такой камандзіроўцы і на Оршу, дзе пакуль не далучылася да страйку ні адно прадпрыемства?
Бліжэйшая вулічная акцыя пратэсту ў Оршы чакаецца ў нядзелю 30 жніўня а 14-00 на цэнтральнай плошчы