Помнік Ігнату Будзіловічу на месцы апошняга бою Аршанскага атраду Каліноўцаў у вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёну даўно стаў месцам паломніцтва для аршанскіх дэмакратаў. Кожны год 28 жніўня сюды збіраліся людзі з Оршы, Лёзна, Віцебска і іншых блізкіх гарадоў. А ў мінулым годзе намаганнямі Юрыя Аляксандравіча Нагорнага (на тыдні споўнілася 40 дзён з дня яго смерці) тут быў пастаўлены новы помнік Будзіловічу і паўстанцам яго атраду.
У гэтым годзе традыцыйнае мерапрыемства было пад пагрозай зрыву з-за палітычнай сітуацыі — дэмакратычныя актывісты моцна занятыя акцыямі пратэсту. Але ўсё ж аршанцы з кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» зладзілі сімвалічны даволі сціплы выезд у Пагосцішча. Традыцыйныя ўдзельнікі мерапрыемства распавялі новым пра апошні бой Будзіловічцаў, пра катаванні ў аршанскай турме і расстрэлы касінераў. Канешне, не абыйшлося без аналогіяў з катаваннямі ў гэтым годзе. Ад помніку аршанцы прайшлі да меркаванага месца апошняга бою і, вярнуўшыся да помніку, усклалі кветкі ў памяць палеглых.
Такім чынам амаль дзесяцігадовая традыцыя ўшанавання паўстанцаў не перарвалася і ў гэты складаны для краіны год.