Як распавёў нам сам Грышанаў, які не рэдка за сваю пазіцыю і актывізм становіцца аб'ектам нападак чыноўнікаў, на гэты раз справа пачалася 9 верасня. У аднаго з жыхароў вёскі Стаўры пачаліся праблемы з карыстаннем зямлёй. Своечасова той не аформіў спадчыну на бацькоўскую зямлю, але карыстаўся ёй і плаціў падаткі. Але па меркаванні мясцовых чыноўнікаў не аформленая зямля стала безгаспадарчай і яе перадалі ад рэальнага ўладальніка іншаму.
Грышанава гэта закранула і як старэйшына вёскі, які - праўда - не прызнаны сельвыканкамам, хаця абраны вяскоўцамі - ён пайшоў на прыём да Ігара Ісачэнка, каб заступіцца за аднавяскоўца. Размова - па меркаванні Грышанава - атрымалася даволі пустой. Але Грышанаў выказаўся, што падазрае ў перадачы зямлі аднавяскоўца карупцыйную схему. І...
На наступны дзень - 10 верасня - камісія па абследванні зямельных участкаў прыехала ў вёску, але да самога Грышанава. Па меркаванні ўдзельнікаў камісіі, аказаваецца, Грышанаў самавольна захапіў 24 соткі зямлі. Гэта тая зямля на якой Грышанаў 10 год таму зарэгістраваў фермерскую гаспадарку, прыватызаваў, унес у патрэбныя акты і г.д. Ніколі раней праблемаў не ўзнікала. А цяпер пасля візіта да старшыні выканкаму раптам аказалася, што з 35 сотак фермерскай гаспадаркі, 24 "не законна" захоплены.
Канешне Грышанаў з тых хто будзе даказваць сваю рацыю на ўсіх узроўнях і пакуль больш падобна, што дакажа. Але калі ў краіне "бывае не да законаў"... У хуткім часе адбудзецца суд, які мусіць прыняць рашэнне ці законна належыць зямля фермеру-актывісту.