Працяглае ліставанне барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча з Міністэрствам транспарту і камунікацый, а таксама з Рэспубліканскай тапанімічнай камісіяй пры Акадэміі навук РБ пачало даваць практычны плён: непісьменная шыльда над аднайменным чыгуначным прыпынкам, па ўсёй верагоднасці, самым бліжэйшым часам будзе змененая.
Многія пасажыры прыгарадных цягнікоў неаднойчы недаўменна заўважалі, што на фасадзе прыпыначнага будынка замест беларускай назвы «Пралетарская перамога» раптам стала выкарыстоўвацца калька: «Пралетарская пабеда».
Адказваючы на зварот праваабаронцы, чыноўнікі з Міністэрства транспарту і камунікацый, а менавіта першы намеснік міністра. Я. Рагачоў, спрабаваў неяк выкруціцца, а памылку ў назве станцыі зваліць на “Даведнік станцый і прыпынкаў Беларускай чыгункі”, маўляў, ёсць афіцыйна зацьверджаная назва – таму міністэрства тут ні пры чым.
Пасля адказу на зварот да старшыні Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі І. Л. Капылова, стала зразумела, што сітуацыю можна выправіць. Таму Алег Мацкевіч збіраецца рыхтаваць новы зварот у Міністэрства транспарту і камунікацыі, падмацаваны высновамі Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі.
Інфармацыя і фота паводле spring96.org