Так званы Усебеларускі народны сход адбудзецца ў хуткім часе па ініцыятыве Лукашэнкі. І раней гэтыя сходы выклікалі непаразуменне, бо па-сутнасці аніякага абмеркавання не адбывалася. Усе «дэлегаты» былі выключна адной палітычнай пазіцыі, маўклівыя і галасавалі за загадзя падрыхтаваную праграму. Па-сутнасці «сход» пераўтвараўся ў спектакль аднаго актора дзе дэлегацкая масоўка атрымлівала дарагушчыя падарункі за кошт бюджэта, пражыванне, сутачныя ды іншыя бонусы.
У гэтым годзе «Сход» выклікае не толькі непаразуменне, але і можа выклікаць актывізацыю пратэстаў, бо мерапрыемства павінна паказаць уяўную падтрымку Лукашэнкі. І — зноў жа — за дзяржаўны кошт.
І раней на гэтыя «Сходы» не дапускалі людзей з адрознымі палітычнымі пазіцыямі, цяпер жа дэлегатаў і ўвогуле выбіралі амаль таемна, пра сходы па вылучэнні не паведамлялася, а ў СМІ патрапляла інфармацыя, што і на вылучэнне дэлегатаў запрашалі толькі найбольш правераных, а ад іншых трымалі месца і час у таямніцы.
Але, нарэшце, на сайтах выканкамаў пачала з’яўляцца інфармацыя пра ўжо прызначана-абраных дэлегатаў. Хто ж паедзе ад Аршанскага раёна?
Агулам ад нашага раёна вылучана 44 чалавекі. З першага ж погляду становіцца зразумела, што нічога новага гэтыя людзі гаварыць не будуць. З 44 чалавек 30 з’яўляюцца рознымі дэпутатамі — або сельсаветаў, або раённага Савету. Усе астатнія вылучаліся ад розных праўладных арганізацый — пераважна прафсаюзаў. Так, старшыня выканкаму Ігар Ісачэнка едзе на «Сход» як сябра прафсаюза дзяржаўных установаў.
З 14 недэпутатаў, якія паедуць на сход большасць гэта начальнікі, намеснікі начальнічаў, галоўныя інжынеры і г.д. Толькі 4 чалавекі з 44 едуць на сход як «простыя рабочыя». Гэта Інна Ціценкова — ткачыха Ільнокамбіната, Алена Семянкова — настаўніца школы № 24, Андрэй Паўлаў — трудавік СШ № 8 і Мікалай захаранка — трактарыст «Ларынаўкі». Больш «простых» ад Оршы не будзе, хаця па дзяржаўных каналах часта паўтаралі, што на Сходзе мусяць быць прадстаўленыя ўсе слаі грамадства.
Па ўзросту таксама не скажаш, што паедуць «усе слаі грамадства». У спісе дэлегатаў, якіх вылучыў раённых Савет дэпутатаў — у ім 30 з 44 дэлегатаў агульнага спісу — самыя маладыя дэлегаты 1985 года нараджэння.
Дарэчы, усе абраныя дэлегаты з вялікай доляй верагоднасці патрапяць у наступныя пашыраныя санкцыйныя спісы Еўрасаюза.