Рагачоўскі пенсіянер Васіль Вішнеўскі прапануе пераназваць вуліцу Бабруйскую ў гонар Анатоля Яўгенавіча Андрэева. З дадзенай прапановай былы старшыня раённага савета ветэранаў пабываў на прыёме ў Рагачоўскім раённым выканаўчым камітэце.
Анатоль Андрэеў нарадзіўся ў Рагачове ў 1916 годзе. Ягонае імя шчыльна звязанае з Оршай. У 1933 годзе ён скончыў Аршанскую чыгуначную школу і затым працаваў у нашым горадзе слесарам па рамонце паравозаў, качагарам, памочнікам машыніста, а ў 1935-м сам стаў машыністам паравоза. За выдатную працу атрымаў медаль "За трудовое отличие". Займаўся парашутным спортам у Аршанскім аэраклубе. У верасні 1941 года ўступіў у партызанскі атрад Канстанціна Заслонава, актыўна ўдзельнічаў у яго складзе ў партызанскай дзейнасці ў тыле ворага. Пасля вайны з 1963 па 1984 гады займаў пасаду міністра аўтамабільнага транспарту БССР, стаў Героем Сацыялістычнай працы.