Сіня-белыя адправіліся на гасцявую сустрэчу з менскім "Партызанам-МТЗ". Каманда суперніка займала перадапошняе месца ў табліцы. Ніхто і падумаць не мог, што ў гульні з аршанцамі менчукі здабудуць 4-ю перамогу ў 20-ці матчах.
"Орша" ехала ў Менск яўным фаварытам, цягам усёй гульні мела бліскучыя моманты ля варотаў суперніка, але нападнікі шторазу прамахваліся з выгадных пазіцый. Аднойчы гулец нашай каманды не забіў з лічаных метраў у пустыя вароты. "Партызан-МТЗ" момантаў меў мала, наш брамнік Дзмітрый Зюзько без асаблівых цяжкасцяў спраўляўся з пагрозамі.
Аднак у самым канцы матчу аршанцы ўпусцілі дзве чарговыя магчымасці забіць, а гаспадары скарысталіся выхадам у контратаку - нашы абаронцы не паспяваюць за візаві, Зюзько кідаецца ў ногі гульцу "Партызана", аднак мяч усё ж такі трапляе ў дальні кут - 1:0.
"Орша" церпіць сенсацыйную паразу, пазіцыя нашага клуба ў турнірнай табліцы будзе залежаць ад вынікаў іншых каманд, якія пакуль невядомыя.
Тым часам да канца чэмпіянату аршанцам трэба правесці тры паядынкі - першы з іх "Орша" згуляе дома са "Жлобінам" 20 кастрычніка.