Некалькі год таму Сенненскіх сельскіх фельчараў з-за недахопу транспарту пасадзілі на электраровары. У прынцыпе, праблема з медычным транспартам у гэтым суседнім раёне вельмі даўняя. За апошнія 10 гадоў раён застаўся амаль без прамысловасці, грошай на ўтрыманне ўсёй інфраструктуры не хапае, а тэрыторыя раёну вельмі вялікая. Некалькі год таму жыхары Багушэўска, нават, выходзілі на своеасаблівы пратэст, калі ў іх паспрабавалі адняць брыгаду хуткай дапамогі, якая не ўпісвалася ў сацыяльны мінімум.
Улады пайшлі на дастаткова арыгінальны крок і пасадзілі вясковых фельчараў на электрамабілі - гэта, канешне, не ідэальны транспарт для медычнай дапамогі, але хоць нешта. Па вясковых дарогах медычныя работнікі ездзілі ад вёскі да вёскі для аказання дапамогі пенсіянерам з выміраючых населеных пунктаў. Тады дзяржаўная прэса аптымістычна пісала, што ровары для фельчараў гэта не толькі сродак перасоўвання па незаасфальтаваных дарогах, але яшчэ і прапаганда здаровага ладу жыцця сярод старых пенсіянераў. Праўда, наколькі такі транспарт зручны восенню, зімой і вясной...
Але зараз не пра зручнасць транспарту, а пра тое, што нават на яго абслугоўванне сродкаў у раённым бюджэце не знайшлося. Нядаўна мясцовая дзяржаўная прэса з традыцыйнай радасцю паведаміла, што на рамонт гэтых ровараў было выдзелена больш за 2000 рублёў. Але не з мяцосвага бюджэту, не з абласнога і тым больш не з рэспубліканскага. А са сродкаў прафсаюзу. У якога, канешне, зусім іншыя функцыя.