Сенненскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый праводзіць закупку з адной крыніцы тэлефоннага апарата з вызначальнікам нумару з арыенціровачнай цаной 2 887 рублёў 15 капеек, заўважылі «Народныя навіны Віцебска».
Ніякіх тэхнічных патрабаванняў да гэтага тэлефона ў дакументацыі закупкі не пазначаецца, аднак кошт яго выклікае здзіўленне, бо ўвогуле цана такіх апаратаў пачынаецца з 50 рублёў і рэдка перавышае пару-тройку сотняў.
Для каго цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый праводзіць гэтую закупку, невядома, але яна фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў.
Тавар павінен быць пастаўлены па адрасе вуліца Кастрычніцкая, 91Б у Сянне 28 лістапада.
Тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам» правёў маніторынг цэнаў і знайшоў самы дарагі тэлефон з такімі характарыстыкамі ў Беларусі за 1 587 рублёў. Атрымліваецца, патрабаваны цэнтрам у Сянне тэлефон пацягне з бюджэтных грошай удвая больш, чым каштуе самы дарагі тэлефон, які ёсць у продажы ў Беларусі.