Апошнім часам выпадкаў калі б міліцыя лавіла тых хто гатуе самагон амаль не было. Але ж гэта не значыць, што народная традыцыя вырабу ўласнага алкаголя знікла. Проста не шанцавала патрапляць на такіх рукадзельнікаў. Але ў пачатку лютага ў рэгіёне прайшло адразу два суды над самагоншчыкамі.
Так, у вёсцы Сененскага раёна ў адной жанчыны знайшлі самагонны апарат. Жанына хаця і не прыйшла ў суд, не адмаўляла, што сапраўды ўтрымлівала апарат у сябе дома, адпаведна віну прызнала. І суд прыгаварыў яе да 1 базавай велічыні штрафу. Штраф невялікі, але і з самагонным апаратам давялося развітацца на карысць дзяржавы.
А 13 лютага суд адбыўся ў Аршанскім раёне. Сітуацыя вельмі падобная - жанчына жыла ў адной з вёсак і паставіла бражку, якую і знайшлі міліцыянты. Агулам у яе знайшлі 30 літраў брагі, якія яна планавала перагнаць у самагон. Пакаранне такое ж - 1 базавая велічыня і канфіскацыя полуфабрыката.