Напярэдадні 25 сакавіка па ўсёй краіне адбылася палітычная зачыстка. Людзей арыштоўвалі ў першую чаргу па рэгіёнах. Па Аршанскім раёне мы ведаем ўжо пра 16 такіх арыштаў, некалькі ў Сененскім раёне. Але і іншыя суседнія, падобна, не абыйшліся без затрыманняў і арыштаў.
Так, у Талачынскім раёне як мінімум адзін палітычны суд адбыўся 22 сакавіка. На лаве падсудных апынуўся бацька траіх дзяцей, механізатар з адной з мясцовых сельскагаспадарчых арганізацыяў. Па інфармацыі міліцыі, ён яшчэ ў жніўні 2020 года размесціў на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" уласны фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня".
Суд палічыў, што такім чынам мужчына парушыў закон пра масавыя мерапрыемствы і правёў не дазволены ўладамі пікет. Хаця як прасіць дазвол на пікетаванне ў сацыяльных сетках (або па тэлефоне як у Горацкім раёне) у законах не прапісана. Ды і ўвогуле - пікет вулічнае мерапрыемства, у нас жа суды трактуюць любое палітычнае выказванне як масавае мерапрыемства. А тое, што фотаздымак быў размешчаны два з паловай гады таму - адпаведна, прайшоў тэрмін даўнасці - таксама не засмуціла суд Талачынскага раёна. Фотаздымак жа ўсё яшчэ даступны ў сеціве, значыць, пікетаванне расцягнулася ў часе.
Хаця ў дадзеным выпадку мы маем праблему выключна трактовак закона, мужчыну прызналі вінаватым за парушэнне закона "Аб масавых мерапрыемствах" і пакаралі штрафам на 1850 рублёў.