Факт 1. Ахвяра перайменавання. У 1964 годзе камуністы прынялі чарговае рашэнне пра перайменаванне беларускіх населеных пунктаў. Так з’явілася вёска Прыдняпроўе, якая ўсю гісторыю да гэтага часу была Кабылякмі. Падобна на тое, што прыезжым кіраўнікам падалося, што назва «неблагозвучная», бо ў гэтым і наступным годзе ў іншых раёнах таксама зніклі Кабылякі. Так, Кабылякі — нярэдкая назва для Беларусі. Але варта сказаць, што Прыдняпроўе таксама не ўнікальная назва. Таму ў плане ўнікальнасці адбылася замена шыла на мыла.
Факт 2. Кабыляцкая гара. Хаця вёска і была перайменаваная, але ж тапонім Кабылякі так і застаўся, бо за час існавання вёскі яна яго распаўсюдзіла на суседнюю мясцовасць і заўважныя геаграфічныя аб’екты. Самым вядомым геаграфічным аб’ектам стала Кабыляцкая гара. Гэта была самая вялікая гара Аршаншчыны. Пазней яе верхнюю частку знялі, каб пабудаваць дарогу на выезд з горада. Хаця яе і зменшылі, але і сёння для нагружаных фур у кепскае надвор’е гара ўяўляе праблему.
Найбольшую ж славу гары прынеслі знойдзеныя тут масавыя пахаванні ахвяраў Сталінскіх рэпрэсіяў, але пра іх мы падраязней раскажам, калі будзем пісаць пра Андрэеўшчыну.
Факт 3. Гара, якая павярнула раку. Які б моцным ні быў Дняпро, але з велізарнай Кабыляцкай гарой ён не справіўся. Менавіта пад Кабылякамі/Прыдняпроўем рака робіць свой паварот з усходу на поўдзень. Вада не змагла прамыць сабе праход на захад не толькі з-за памераў самой гары, але і з-за таго, што тут залягае даламіт. Гэта горная парода, якая, відавочна, была прынесена сюды апошнім ледавіком (як і сама гара — яна таксама наступства ледавіка), які і растаяў на Аршанскіх прасторах. А Дняпру пазней давялося змірыцца з наступствамі ледавіка ды павярнуць сваю плынь.
Дарэчы, ёсць версія, што да 16 стагоддзя менавіта гэтую гару маглі называць Зыкава.
Факт 4. Кабыляцкія парогі. Не толькі гары дала назву вёска, але і яшчэ аднаму геаграфічнаму аб’екту — Кабыляцкім парогам. Паварот Дняпра і вылезлы з зямлі даламіт ды іншыя камяні зрабілі ўчастак ракі побач з вёскай праблематычным для суднаходства. А Дняпро для Аршаншчыны доўгі час быў асноўнай транспартнай артэрыяй. Ды нават міжнародным злучэннем, бо па ім ішоў знакаміты гандлёвы шлях «З варагаў у грэкі». Відавочна, што Кабыляцкія парогі стваралі праблему яшчэ для вікінгаў. Бо рэдка калі ўчастак ракі атрымлівае сваю асабістую назву. Тым больш, што вадой пераплаўлялі тавары тут як мінімум тысячу год, толькі ў другой палове
Прыблізна раз у 10 гадоў у СМІ зноў пачынаюць абмяркоўваць магчымасць запуску караблёў па Дняпры і кожны раз асноўная праблема — Кабыляцкія парогі.
Факт 5. Легендарны камень. Не толькі парогі стваралі праблемы для рачнога транспарту. Дзесці тут, насупраць вёскі, на левым бераз Дняпра, ляжаў і легендарны валун. Мясцовыя празвалі яго Камень-камар. Паходжанне назвы звязана з тым, што ў сезон нізкай вады цёплая паверхня валуна прыцягвала чародкі камароў. А ў сезон высокай вады камень амаль цалкам хаваўся пад ваду і быў незаўважны для караблёў. Адпаведна, многія натыкаліся на яго і мелі праблемы.
Акрамя рэальных праблемаў былі і міфічныя. Краязнаўца Ўладзімір Шынкевіч зафіксаваў паданні вакол Камара. Мясцовыя верылі, што камень не проста так разбівае караблі. Ён, акрамя камароў, прыцягвае розную нячыстую сілу, на ім бачылі русалак, побач з ім тапіліся людзі, ў пачатку
Ці для таго, каб змагацца з такімі павер’ямі ў рамках барацьбы з рэлігіяй ці для таго, каб палепшыць суднаходства, улады вырашылі ўзарваць камень. Цяпер яго няма, хаця легенды гавораць, што ў асобныя ночы ён зноў з’яўляецца з-пад вады. Каменя-Камара няма, суднаходства таксама няма, а легенды так і засталіся.
Факт 6. Адсюль род Раманавых. Да, калі глядзець генеалогію расейскай імператарскай сям’і, то першым вядомым іх продкаў лічыцца баярын Андрэй Кабыла. Па адной з версій, гэты Кабыла меў шэраг вёсак ва ўсходняй Беларусі і частка з іх называлася Кабылякі. Але сам ён пражываў менавіта ў нашых Кабыляках пад Оршай. У пачатку
Версія прыгожая, але не адзіная. Ёсць таксама версія, што Кабыла паходзіў з Прусіі, ёсць версія пра Наўгародскае паходжанне і Кастрамское. Якая версія праўдзівая, мы наўрад ці даведаемся. Усё ж такі гэта яшчэ сярэднявечча, а ў тыя часы з фіксацыяй перамяшчэнняў людзей было так сабе: пісаць умела мала людзей, дакуманты пазней перапісвалі з памылкамі, а бывала і проста фальсіфікавалі.
Тым не менш, прыемна думаць, што менавіта з Кабылякоў пад Оршай пайшоў такі чалавек.
Факт 7. Французская мова. Было б дзіўна, каб такую заўважную вёску не заўважыў самы знакаміты аршанец Уладзімір Караткевіч. Ён, канешне, не напісаў пра яе раманаў ці аповесцяў. Ды і не памятаецца яе ўзгадка ў вершах класіка. Але ўсё ж адно саркастычнае ўзгадванне ён пакінуў у «Дзікім паляванні караля Стаха». Трэба сказаць, што Караткевіч нярэдка ўводзіў нейкія гісторыі з Аршаншчыны ў раманы, якія не тычыліся наўпрост нашых мясцінаў. Узгадаць можна хаця б «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе аўтар, смакуючы, апісвае бойкі паміж праваслаўнымі і каталіцкімі манахамі.
Дык вось, у «Дзікім паляванні» знайшлося месца і для Кабылякоў. Проста прывядзем тут цытату: «Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў двух мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Воршай».