Суд Талачынскага раёна арыштаваў на 7 сутак мясцовую жыхарку Кацярыну Васілеўскую. Суддзя Наталля Барысавец (на фота) убачыла ў яе дзеяннях распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Інтэрнэце.
Акрамя таго, суддзя канфіскавала «прадмет адміністрацыйнага правапарушэння» — мабільны тэлефон «iPhone 6S».
У судовым паседжанні Кацярына патлумачыла, што на яе акаўнце ў сацыяльнай сетцы Тэлеграм сапраўды знаходзілася інфармацыя ў выглядзе падпіскі на інтэрнэт-старонку з назвай «NEXTA». Аднак,экстрэмісцкія матэрыялы не распаўсюджвала, падпіску зрабіла падчас пратэстаў 2020 года, і не ведала аб тым, што інфармацыйная прадукцыя была прызнана судом экстрэмісцкай.
Суддзя Барысавец абгрунтавала сваё рашэнне арыштаваць Васілеўскую наяўнасцю ў дзейнай Канстытуцыі арт. 52, якая абавязвае кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, выконваць яе Канстытуцыю, законы. А невыкананне ўказанага абавязку цягне, у выпадку з Кацярынай, на адміністрацыйную адказнасць. Праўда, суддзя не згадала аб тым, што ў арт. 34 Канстытуцыі гарантуе кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі, піша «Віцебская вясна».
Прысуд, як стала вядома, прагучаў яшчэ 10 красавіка, толькі цяпер праваабаронцы атрымалі больш дэтальную інфармацыю пра справу. Кацярына Васілеўская, імаверна, ужо на волі.