Факт 1. Выспа Хлудзінскіх. Калі мы пачыналі гэты цыкл публікацыяў і пісалі пра Хорабрава, то Хорабрава параўноўвалі з выспай, якая з усіх бакоў акружана чыгункай. З Антавілем тая самая гісторыя: з аднаго боку ідзе чыгунка на Смаленск, з другога на Віцебск, а з трэцяга хаця і няма чыгункі, але ж і дарогі ў той бок няма — нікуды не выедзеш. Адпаведна да вёскі можна дабрацца, або па трасе Е95 і потым праз чыгунку, альбо даехаўшы цягніком да Мажэеўкі і потым ісці пешкам. У любым выпадку давядзецца ўзаемадзейнічаць з чыгункай.
Яшчэ адзін факт які яднае Хорабрава і Антавіль — і там, і там былі маёнткі сямейства Хлудзінскіх. Вялікі і багаты род, адна галіна якога і жыла ў Антавілі (маёнткаў было шмат, але жылі яны менавіта тут).
Факт 2. Хлудзінскія праславілі вёску. Вёска і раней была невялікая, а сёння большая частка жыхароў вёскі — сезонныя дачнікі, калі ўвогуле не ўсе. Таму яна і не надта была заўважная ў гістарычных падзеях. Але ж Хлудзінскія быў знакамітым родам, і менавіта ён і праславіў вёску. Род быў вялікім і разгалінаваным. Адзін з Хлудзінскіх нават кіраваў дзяржаўным банкам у Расейскай імперыі. Іншы шмат інвеставаў у будаўніцтва чыгунак на тэрыторыі Беларусі.
Нашыя Хлудзінскія былі больш сціплымі, хаця і мелі велізарныя зямельныя ўладанні.
Дарэчы, Хлудзінскія і зараз дастаткова заможныя і заўважныя. У Польшы іх прадстаўнікам належаць горназдабываючыя прадпрыемствы, энэргетычныя, лагістычныя і шмат іншых кампаніяў. Сёння калі ўводзіш у пашукавіках слова Антавіль, то таксама выдаюцца спасылкі на самую праслаўленую з Хлудзінскіх — Цэліну Бажэнцкую. Але пра яе крыху пазней.
Факт 3. Шарм маленькай вёскі. Як маленькая, схаваная і не надта папулярная сярод турыстаў вёска, якую трэба знайсці, каб дабрацца, яна мае свой асаблівы шарм. Калі вы сюды патрапіце летам, то можаце атрымаць сапраўднае эстэтычнае задавальненне ад зеляніны і пейзажаў. Але і тое, што зроблена рукамі чалавека, таксама цікава глядзець у Антавілі.
А шарму дадае пэўная разваленасць, недагледжанасць таго, што зроблена чалавекам.
Ад Межава да вёскі ідзе старая алея, высаджаная, пэўна, яшчэ пры Хлудзінскіх. Унутры яе не пройдзеш, бо шмат дрэваў ужо павалена. Але калі патрапіць унутар, то гэта быццам апынуцца ў будынку, зробленага самымі дрэвамі, — вершаліны дрэваў шмат дзе зрасліся пад самым небам, а ўнутры вы будзеце не
Факт 4. Самая вядомая Хлудзінская. У 1833 годзе у сям’і Хлудзінскіх нарадзілася дачка Цэліна. У нашыя часы яна вядомая як святая Цэліна Бажэнцкая (прозвішча па мужу). Яшчэ дзяўчынкай Цэліна была вельмі рэлігійнай і збіралася ў манастыр, але паслухалася бацькоў, якія і выдалі яе за муж за Юзэфа Бажэнцкага ў 1853 годзе. У шлюбе будучая манахіня нарадзіла 4 дзяцей. Пасля вяселля Цэліна пакідае родны Антавіль і з’язжае ў маёнтак Абрэмшчына пад Гародню. Сёння гэта вёска Заневічы на беразе Свіславічы ў Гродзенскім раёне.
Дарэчы, неакласічны касцёл у гэтай вёсцы быў пабудаваны ўжо пасля Цэліны Бажэнцкай — прыблізна ў 1917 годзе і прамога дачынення да святой не мае.
Факт 5. Паўтарыла шлях 2020 года. Дзіўна, але ж амаль за 150 гадоў да сёняшніх падзей Цэліна паўтарыла шлях многіх сучасных беларусаў. Жывучы ў Абрэмшчыне Цэліна разам з сям’ёй падтрымала паўстанне Каліноўскага. У маёнтку яны размясцілі шпіталь, дзе Цэліна разам з дочкамі лячыла параненых паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання царскія ўлады арыштоўваюць будучую святую. Разам з малодшай дачкой, якой тады было ўсяго некалькі тыдняў, яна аказваецца ў Гарадзенскай турме. Пасля вызвалення яна некаторы час яшчэ жыве каля Гародні, але ж муж пачынае моцна хварэць і амаль перастае рухацца — яго паралізавала. Цэліна спрабуе яго лячыць, але ж у выніку разам з сям’ёй выязжае ў эміграцыю ў Вену, спадзяючыся, што замежная медыцына дапаможа. Не атрымалася. У 1974 годзе Юзэф Бажэнцкі памірае, а пасля яго смерці Цэліна з дзвюма дочкамі пераязжае ў Рым, а з адной з дачкой Ядвігай прымае манаскі пострыг, далучаецца да ордэна візітатак.
Факт 6. Жыццё ў манастыры. Хаця ў нас пра манастыры ёсць шмат стэрэатыпаў, насамрэч жыццё ў каталіцкім манастыры вельмі насычанае. Уступіўшы ў манастыр у 1882 годзе Цэліна стварае сваю кангрэгацыю. Кангрэгацыя — гэта аўтаномная частка манскага ордэна. Кангрэгацыі бяруць на сябе іншыя задачы, адрозныя ад асноўнага кірунку дзейнасці ордэна. Бажэнцка стварае жаночую кангрэгацыю ордэна Ўваскрасення Гасподняга. Яна бярэ на сябе абавязак навучання дзяўчынак, якія тады яшчэ далёка не ўсе мелі права на адукацыю. У 1891 годзе Папа Рымскі прымае канстытуцыю гэтага манаскага ордэна і ён становіцца фактычна самастойным.
Працуе ордэн вельмі актыўна. У 1986 годзе яны працуюць у Балгарыі з мясцовымі уніятамі, у тым жа годзе з’яўляюцца ў Польшы, а ў 1900 годзе ўжо дабіраюцца да ЗША. Ордэн хутка расце. За час свайго жыцця Цэліна стварае 22 манастыры.
Факт 7. Жыццё пасля смерці. Памірае Цэліна ў 1913 годзе, але ж дзейнасць манахіняў працягваецца і ідзе не меньш актыўна чым пры жыцці заснавальніцы. Дарэчы, пахаваная Цэліна разам з Ядвігай у Кракаве. Яе дачку Ядзьвігу лічаць таксама адной з заснавальніцаў манаскага руху. Каб было зразумела, наколькі актыўна працуюць сёстры-манахіні, то скажам, што ў 2004 годзе ў гэтай кангрэгацыі было больш за паўтысячы манахіняў па ўсім свеце і 53 манастыры. Адзін з іх ёсць і ў Беларусі, у Наваполацку. Манахіні бываюць і ў Оршы. Як мінімум раз на год яны наведваюць Оршу з лекцыямі пра жыццё Цэліны, а таксама ездзяць у Антавіль, дзе стварылі маленькую каплічку на месцы дзе быў маёнтак, у якім і нарадзілася Цэліна Бажэнцкая.
У 1944 годзе Папа Рымскі распачаў працэс беатыфікацыі святой Цэліны. У каталіцкай царкве гэты працэс вельмі моцна расцягнуты па часе, і толькі ў 1982 годзе Ян Павел ІІ прызнаў Цэліну блаславёнай — другі этап перад прызнаннем святой. А святой Цэліна была абвешчана ў 2007 годзе.
Факт 8. Што яшчэ паглядзець у Антавілі. Канешне цяпер галоўная славутасць Антавілю — капліца на месцы маёнтку Хлудзінскіх, дзе і нарадзілася святая. Але ж у гэтай вёсцы ёсць і іншыя цікавыя пункты. Напрыклад, тут захаваўся ляднік з чырвонай цэглы, якіх цяпер на Аршаншчыне вельмі мала.
Яшчэ ёсць незвычайны па сваёй канструкцыі маленькі масток і шмат дамоў як жылых, так і закінутых, якія могуць быць цікавымі аматарам драўлянай архітэктуры.