У Сянне за правядзенне пікету быў аштрафаваны вучань 11 класа. Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за «правядзенне пікету ў інтэрнэце» аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка сярэдняй школы № 2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза.
На думку суддзі, малады чалавек публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіўшы тым самым пікетаванне. Дадзенае масавае мерапрыемства ён ажыццявіў у жніўні 2020 года без дазволу мясцовых уладаў. Таму суддзя Досава палічыла факт здзяйснення Падрэзам адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч.1 арт. 24.23 КаАП устаноўленым, а яго вінаватасць у здзяйсненні дадзенага адміністрацыйнага правапарушэння даказанай.
Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена старшынёй Віцебскага абласнога суда Аляксандрам Федзюкевічам, піша «Віцебская вясна». А менавіта, у адпаведнасці з арт.3.5 ПВКаАП справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама, а не суд.
У хуткім часе адміністрацыйная справа Падрэза будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.