Факт 1. Малая, Вялікая і простая. Гаворка сёння пойдзе пра Міцькаўшчыну. Дакладней пра Вялікую Міцькаўшчыну і проста Міцькаўшчыну. Вёскі знаходзяцца зусім побач — праз ручай Негаўка ці Міцькаўка — у розных крыніцах яго называюць па рознаму. Вялікая Міцькаўшчына знаходзіцца на другім беразе ручая адносна простай Міцькаўшчыны. Было б лагічна, каб спачатку з'явілася проста Міцькаўшчына, а потым Вялікая. Аказваецца, што не так. Па першых мапах гэтай мясцовасці мы бачым, што першай з'яўляецца Малая Міцькаўшчына, якой цяпер няма. Дакладней само паселішча ёсць, а назва знікла. Сёння Малая Міцькаўшчына — гэта паўночная частка простай Міцькаўшчыны.
У пазнейшых мапах ёсць Малая Міцькаўшчына і Вялікая Міцькаўшчына.
А сёння ёсць проста Міцькаўшчына і Вялікая. Дарэчы, простая Міцькаўшчына па памерах большая за Вялікую Міцькаўшчыну. З такой колькасцю Міцькаўшчынаў можна заблытацца. Таму спросцім, і сёння раскажам пра абедзве Міцькаўшчыны, не падзяляючы іх.
Факт 2. Антырасейскія фартыфікацыі. У 14-ым стагоддзі Маскоўскае княства пачынае прэтэндаваць на захоп суседніх дзяржаваў. Зразумела, што абвастраюцца адносіны з Вялікім княствам Літоўскім, якое ўжо моцна цэнтралізаваная славянская дзяржава. Князь Альгерд з войскам даходзіць да самой Масквы, і ўвогуле войны складаюцца больш паспяхова для ВКЛ. Тым не менш, улады Вялікага княства, прагназуючы зацяжны канфлікт з Масквой, будуюць па Дняпры цэлы ланцуг фартыфікацыяў. Будуюцца замкі: Дубровенскі, Аршанскі, Шклоўскі, Магілёўскі, Копыскі і г.д. І Міцькаўшчынскі.
Сёння на ўскраіне Вялікай Міцькаўшчыны можна пабыць рэшткі замку. Бо замак, які будаваўся супраць расейскай агрэсіі, ад яе і пацярпеў. У пачатку 18 стагоддзя падчас Паўночнай вайны войскі Пятра Першага праходзяць на тэрыторыю Беларусі, але ўжо з артылерыяй. Замкавыя сцены былі эфектыўныя супраць пяхоты, але ж не супраць артылерыі. Тады войскі Пятра Першага і знішчылі ўсе замкі ў паўночнай частцы Дняпра. Часткова захаваўся толькі Смалянскі Белы Ковель і перабудаваны за сто год да вайны Быхаўскі. Захаваліся яны таму, што не мелі важнага абарончага значэння.
Факт 3. Як выглядаў замак. Міцькаўшчынскі замак быў велізарным па тых часах. Ён не саступаў памерамі Беламу Ковелю і быў не надта горшым за Аршанскі. Будынак быў драўляны (як і аршанскі), а памерам 107х100 метраў, што параўнальна са Смалянскім. Меў тры вежы. І цэлых тры абарончых валы. Паміж другім і трэцім валам быў створаны штучны роў глыбінёй 2-3 метра, а шырынёй да 25 метраў у самым шырокім месцы.
Замчышча абследвалі некалькі разоў у другой палове 20-га стагоддзя, але яно так ні разу і не капалася археолагамі.
Факт 4. Брацкая магіла. Крыху на паўночны ўсход ад вёскі, проста пасярод поля знаходзіцца помнік ахвярам Другой сусветнай вайны. Як і многія іншыя помнікі вайны, якіх проста стала вельмі шмат, прычына па якой ён тут усталяваны даўно забытая. Нейкіх дакумантаў пра гэты помнік мы таксама не знайшлі. Але мясцовыя распавялі дастаткова праўдападобную гісторыю, што тут не проста помнік, а братэрская магіла. Тут, па версіі мясцовых, былі расстраляныя і пахаваныя параненыя савецкія ваеннапалонныя.
Факт 5. Нямецкі фермер. У Міцькаўшчыне знаходзіцца адзін з цэнтраў кампаніі Штотц-Агро. Гэта ўнікальная кампанія тым, што яе ўладальнік - немец і пры гэтым ён займаецца фермерствам у нашай краіне. Дакладней, ён пачынаў з фермерства, а цяпер гэта велізарная кампанія, якая вырошчвае сельскагаспадарчыя расліны, прадае нямецкія камбайны ды іншую тэхніку, абслугоўвае яе ды яшчэ і мае гандлёвую сетку.
Пры гэтым, Міцькаўшчына - не самы галоўны цэнтар кампаніі. Штотц-Агро ёсць і ў іншых раёнах, якія знаходзяцца ўздоўж трасы М1. Філіял у Міцькаўшчыне — яскравы паказнік, як дзяржаўная калгасная сістэма адрозніваецца ад фермерскай гаспадаркі, тым больш на прыкладзе дастаткова вялікай кампаніі, бо эфектыўнасць кампаніі Штотца вышэй за большасць беларускіх, пры тым, што не просіць датацыяў ад дзяржавы.
Факт 6. Каменныя крыжы. На замчышчы раней знаходзілі каменныя крыжы. Але сёння мы іх не бачым, магчыма, што не там шукалі. Пра іх пісаў краязнаўца Аляксандар Шынкевіч. Але цікавы і яшчэ адзін камень — ён не ў самой Міцькаўшчыне — быў знойдзены каля Гацькаўшчыны, але мае прамое дачыненне да гэтага замку. Праўда, гэтая версія таксама паводле Шынкевіча. На камяні быў выразаны квадрат і стрэлка, магчыма, што гэта быў план замка і ўказальнік у бок месца, дзе замак знаходзіўся. Гэтакі дарожны знак сярэднявечча. Гэты камень быў свой час сфатаграфаваны, але да нашага часу ён не захаваўся. Фотаздымак мы таксама знайсці не змаглі.