Факт 1. Крывіцкая назва. Панізоўе — відавочна славянская назва і вельмі распаўсюджаная. Цікава, што ў Беларусі мы знайшлі толькі дзве вёскі з такой назвай (яшчэ адна ўжо знікла), але вялікая колькасць такіх назваў знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. Прычым знаходзіцца вельмі канцэнтравана: тры Панізоўі ў Смаленскай вобласці (дзве з іх у Рубнянскім раёне), 4 — у Цвярской вобласці (дзве з іх у Тарапецкім раёне). Што можа азначаць такая канцэнтраванасць назвы? Тое, што аб’ядноўвае гэтыя тэрыторыі — усё гэта месцы найбольшага рассялення крывічоў. Падобна, што менавіта гэты этнас і распаўсюджваў Панізоўе па меры свайго рассялення. Чаму ж тады ў Беларусі толькі дзве такія назвы? Бо ў Беларусі крывічы моцна змешваліся з балтамі і значная частка старажытных тапонімаў (а можа быць і большасць) у нас менавіта балцкага паходжання — славянскія назвы часцей пазнейшых перыядаў.
Факт 2. Харкаўскі лес. Панізоўе немалая вёска, але лес вакол вёскі мясцовыя жыхары і журналісты (а пра гэты лес пісалі шмат) называюць Харкаўскім. Нават лес, які пачынаецца адразу за Оршай у паўднёвым кірунку таксама называецца Харкаўскім — у гонар вёскі, якая адносна Оршы знаходзіцца за Панізоўем.
Звязана гэта з тым, што да рэвалюцыі ў Харкаўцы быў панскі маёнтак якому і належаў лес. Таму па прыналежнасці лес так і празвалі Харкаўскім, а не Панізоўскім ці Паддубскім.
Факт 3. Адна вуліца, дзве назвы. У Панізоўі ўсяго толькі дзве вуліцы. Адна з іх называецца банальна — Панізоўская. А вуліца, якая супадае з трасай з Оршы, мае дзве назвы. Да ручая, які дзеліць вёску, яна называецца Паддубская, пасля ручая — Школьная. Справа ў тым, што як і ў Стаўрах, ручай падзяляў не вуліцу, а аддзяляў дзве розныя вёскі: Паддубцы і непасрэдна Панізоўе,. Сёння ад Паддубцаў засталася толькі назва вуліцы і страшная гісторыя, звязаная са сталінскім расстрэламі.
Факт 4. Зашыфраваная ў дакуманце трагедыя. Зараз перамясцімся ў паўночную частку Оршы — на Кабыляцкую гару. У 1982 годзе тут былі выяўленыя масавыя пахаванні. Для вывучэння пахавання была створаная адмысловая камісія, у якую ўвайшоў краязнаўца, на той момант кіраўнік таварыства аховы помнікаў на Аршаншчыне Георгій Пішчалаў. Па выніках даследаванняў быў складзены адмысловы Акт. Сярод подпісаў удзельнікаў камісіі першым стаіць прозвішча Пішчалава, значыць, ён і складаў сам тэкст Акту. Камісія выказала адназначную выснову: расстрэлы часоў сталінскіх рэпрэсій, зробленыя НКУС. Але ў тэксце Акту было зашыфраванае вельмі значнае паведамленне: «Лес так называемой „Кобыляцкой горы“ был местом массовых расстрелов ни в чём не повинных советских людей, так же, как лесной массив по Могилёвскому шоссе возле дер. Поддубцы». Пры тым, што ўвесь іншы тэкст Акту нічога пра Паддубцы і іншыя месцы расстрэлаў не гаворыць. Увогуле, гэтая фраза пра Паддубцы выглядае ненатуральнай у гэтым тэксце.
Такім чынам, Пішчалаў зашыфраваў у Акт яшчэ адно месца расстрэлаў, якое яму асабіста было вядомае, але на даследаванне якога санкцыю ад камуністычных уладаў ён у той момант атрымаць не мог. Дзякуючы гэтай падказцы ў канцы
Факт 5. Расстрэльвалі святароў. Адкуль жа сам Пішчалаў ведаў пра расстрэлы каля Панізоўя, хаця раскопак тут не праводзілася? Справа ў тым, што дзіцём у
Ужо стары Пішчалаў змог таксама распавесці, што па правым баку ад трасы расстрэльвалі святароў, манахаў ды іншых царкоўнікаў не толькі праваслаўнай канфесіі. А пазней краязнаўцы знаходзілі і зусім страшныя гісторыі. Напрыклад, як дзве дзяўчынкі, якія ішлі ў Оршу раніцай, пабачылі каля дарогі бруднага чалавека ў крыві і зямлі з пашкоджанай галавой. Бачна, куля не трапіла ў мозг, а толькі параніла чалавека, і за ноч ён змог вылезці з магілы. Мужчына сядзеў каля дарогі і не разумеў, дзе ён знаходзіцца, гаварыць таксама не мог.
Факт 6. Лес НКУС. Расследуючы расстрэлы ў гэтым лесе, краязнаўцы выявілі яшчэ адзін цікавы факт — лес гэты належаў НКУС-КДБ. Нават пасля асуджэння Сталіна камуністы працягвалі хаваць усю праўду пра рэпрэсіі (ды і зараз у Беларусі і Расеі не рассакрэчаны архівы КДБ таго часу). Таму лясы ў якіх расстрэльвалі людзей перадавалі НКУС, або прызначалі палясоўшчыкамі ў такія лясы былых супрацоўнікаў гэтай спецслужбы. Па меркаванні краязнаўца Юркі Копціка, Харкаўскі лес таксама быў аддадзены пад кіраванне КДБ, а пазней тут з’явілася вайсковая частка, якая і ўвогуле частку расстрэльнага лесу адгарадзіла плотам.
Існуе меркаванне, што падчас будаўніцтва вайсковай часткі тут маглі правесці таемную эксгумацыю і кудысці вывезці трупы, але пакуль праверыць гэтую версію немагчыма. Археалагічных даследаванняў тут таксама не праводзілі.