У Александрыі недалёк ад Воршы традыцыйна пройдзе дзяржаўнае святкаванне Купалля. Улады сцвярджаюць, што на галоўны канцэрт фестывалю раскуплены ўсе квіткі. На канцэрце будзе Дзед (у выкананні Уладзіміра Варанкова) і Баба (цяперашняя кіраўніца лаяльнай уладам трупы Купальскага тэатру Вольга Няфёдава).
На сцэне выступяць зоркі беларускай дзяржаўнай эстрады: Анатоль Ярмоленка, Уладзімір Правалінскі, Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Алена Ланская, Жанет, Руслан Аляхно і іншыя. У спісе выканаўцаў — дзяржаўныя гурты і ансамблі, у тым ліку «Аура», «Верасы» і «Белорусы».
Будуць і замежныя госці, вядома ж, з Расеі. Саліст гурту «Земляне» Сяргей Скачкоў, салістка «Золотого кольца» Надзея Кадышава і спявачка Зара.
Назву галоўнаму канцэрту далі «Будет очень интересно!» Гэта прамая цытата Лукашэнкі, які гэтай фразай анансаваў новыя «расследаванні» прапагандыстаў на дзяржаўных тэлеканалах. Зрэшты, пасля гэтых словаў часта ніякіх расследаванняў не адбываецца, проста прапаганда пераключаецца на іншых сваіх праціўнікаў і іншыя тэмы.