15:00

+0

3 м/с

1003 гПа

18:00

-2

3 м/с

1004 гПа

21:00

-4

3 м/с

1005 гПа

00:00

-3

4 м/с

1006 гПа

03:00

-3

5 м/с

1006 гПа

Рэгіён, Культура

Ляды. Некалькі цікавых фактаў

09.07.2023 13:09

947 праглядаў, 0 каментароў

Пашыраем геаграфію цікавых вёсак Аршаншчыны

Факт 1. Поспех дзякуючы дарозе. Па-першае, патлумачым, што калі мы гаворым тэрмін «Аршаншчына», мы гаворым не толькі пра Аршанскі раён, але і пра суседнія. Бо яны таксама аб’яднаныя з Оршай эканамічна, культурна і нават этнаграфічна. Па-другое, калі мы апісваем найбольш старыя і паспяховыя вёскі, то звычайна іхні росквіт звязаны з гандлёвым шляхам «З варагаў у грэкі». Але Ляды хоць і былі паспяховай вёскай шмат гадоў, але ж знаходзяцца далёка ад гэтага сярэднявечнага гандлёвага шляху. У чым жа прычына іх поспеху?

А ў тым, што Ляды таксама знаходзіліся на важнай дарозе, толькі не ў Сярэднявеччы, а ў Новым часе і першай палове 20-га стагоддзя. Гаворка ідзе пра «Старую Смаленскую дарогу». Гэта такі аналаг трасы М1 таго часу, якая ішла ад Варшавы да Масквы. Толькі перасоўванне па такой даўгой дарозе было больш доўгім, і падарожнікам часцей трэба было спыняцца, начаваць, есці, а значыць, траціць грошы.

Гэтая дарога, у прынцыпе, ёсць і зараз. У Оршы яна ўваходзіць з боку Барані на мясакамбінат, потым ідзе на Дуброўна, Ляды, Красное і тады ўжо на Смаленск і далей. Толькі значнасць яе ў 20-ым стагоддзі згасла.

Менавіта па гэтай дарозе наступаў і потым адступаў Напалеон. Таму і цяпер у Лядах ёсць помнік з надпісам: «В 1812 году войска императора Наполеона перешли здесь границу старой России 2 августа, наступая победоносно на Москву; 6 ноября отступая после тяжёлого поражения»

Факт 2. Эвалюцыя вёскі. Звычайна вёскі маюць свой час роквіту і свой час дэградацыі (на жаль, дэградацыя часцей за ўсё — гэта сучаснасць). Але Ляды за сваю гісторыю перажывалі некалькі пад’ёмаў і заняпадаў.

Першыя людзі тут з’явіліся як мінімум у Жалезным веку. Побач з вёскай ёсць гарадзішча таго часу, існаванне якога датуецца 5 стагоддзем да нашай эры — 5 стагоддзем нашай эры. А першае ўзгадванне менавіта пра вёску адносіцца да 17 стагоддзя. Толькі тады Ляды называліся Глебавым. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Ляды дастаткова хутка растуць. Бо вёска апынулася на самай мяжы «Мяжы аседласці», а для харошага гандляра знаходзіцца на самай мяжы можа быць вельмі карысным — шэрыя схемы, кантрабанда і г.д. існавалі заўсёды. Дзякуючы гэтаму пад канец 19-га стагоддзя вёска Ляды пераўтвараецца ў мястэчка — маленькі гарадок. Другі раз у 1939 годзе вёска зноў становіцца мястэчкам гарадскога тыпу.

Найбольш нашкодзіла вёсцы Другая сусветная вайна. Пасля гэтага найбольшы росквіт Лядоў — статус цэнтра сельсавету, але кароткачасовы. Сёння вёска зноў не цэнтар сельсавету і тым больш не мястэчка. На фота: парэшткі габрэйскіх могілак у Лядах.

Факт 3. Сусветны цэнтар рэформаў. Мы не перабольшваем, сапраўды, Ляды нарадзілі новы філасофскі і рэлігійны рух у юдаізме. Як мы і пісалі вышэй, Ляды рэзка выраслі пасля ўвядзення «Мяжы аседласці». Дайшло да таго, што ў 1910 годзе з 5854 жыхароў 4704 былі габрэямі. Таксама тут існавала 4 сінагогі, якія не захваліся, як і іх фотаздымкі. На фота публікуем выгляд так званай «Высокай сінагогі» ў Дуброўне.

Хасідызм з’явіўся ў першай палове 18 стагоддзя ў Рэчы Паспалітай і вельмі хутка станавіўся папулярным. Тэарэтычна радзіма хасідызму ўкраінскае Падолле, але ж гэтае вучэнне (як і ўвесь юдаізм) не было цэнтралізаваным, не было ерархіі ўлады: ні пап, ні патрыярхаў. Таму розныя плыні хасідызму рэзка пачалі стварацца і ў іншых гарадах ды мястэчках краіны. Лядоўскі хасідызм распачаўся з Віцебску, канкрэтна з равіна Мэнахема Мэндэля. Ён стаў настаўнікам для вельмі таленавітага прапаведніка, які ў гісторыі вядомы як Шнэўр Залман з Лядоў.

З цягам часу Шнэўр Зальман перахоплівае ініцыятыву ў Віцебскай плыні, а Мэндэль з’язджае са сваімі прыхільнікамі ў Палесціну. У выніку новы рэлігіёны рух стварае менавіта Шнэўр Зальман з Лядоў, а не Мэнахэм Мэндэль. Хаця Мэндэль і зараз вельмі аўтарытэтны равін.

Факт 4. Мудрасць, разуменне, веды: Хабад. Што ж такога стварыў прапаведнік з Лядоў? Спачатку варта сказаць, што нарадзіўся Зальман з Лядоў не ў Лядах, а ў Лёзне. Ужо ў 19 гадоў ён стаў заўважным прапаведнікам і зацікавіўся новым і модным хасідызмам. Ужо ў 25 гадоў ён піша першую сваю рэлігійную кнігу, а ў 27 гадоў Віленская габрэйская супольнасць (найбольш аўтарытэтная, але ж вельмі кансерватыўная ў Рэчы Паспалітай) адлучае яго ад супольнасці, што, фактычна, азначала адлучэнне ад юдаізму. Але, зноў жа, у юдаізме няма цэнтралізаванай улады — кожная супольнасць самастойная. Таму Залман працягвае прапаведваць, і ў 1797 годзе выдае самую значную сваю кнігу «Танія». І ў 1801 годзе (хаця магло быць і раней) ён селіцца ў Лядах. Танія стала асновай стварэння новага вучэння, якое называлася Хабад (у перакладзе: мудрасць, разуменне, веды). Больш за тое, Танія-тэарэтычная аснова ўсяго хасідызму. Яна важная не толькі для прыхільнікаў Хабаду, а для хасідаў ва ўсім свеце.

З цягам часу (ужо пры іншых лідарах) Хабад пераймяноўваецца ў Любавіцкі хасідызм. Калі вы сёння на вуліцах Нью-Йорку пабачыце людзей з пейсамі і ў характэрным капелюшы, то на 60% гэта будуць хасіды менавіта нашага лядоўскага кірунку, які цяпер лічыцца Любавіцкім, бо адзін з далейшых лідараў пераедзе менавіта ў Любавічы. Але пачыналася ўсё ў Лядах Дубровенскага раёна. Дарэчы, любавіцкім хасідам трэба чытаць Танію кожны дзень.

Факт 5. Куды падзеліся габрэі? Першы вялікі зыход габрэяў з Лядоў адбыўся ў 1812 годзе. З пачаткам вайны з Напалеонам Шнэўр Залман прыняў расейскі бок, аргументуючы гэта дзіўным чынам: «Калі пераможа Банапарт, становішча габрэяў палепшыцца і багацце іх узрасце, але затое сэрдцы іхныя аддаляцца ад Бога». У сувязі з гэтым Залман збірае сваіх прыхільнікаў (частку) і з’язжае з Лядоў. І гэта пры тым, што ў Расейскай імперыі ён некалькі разоў арыштоўваецца за сваю дзейнасць.

Але найбольшая трагедыя адбылася тут пад час нямецкай акупацыі. З прыходам акупацыі спачатку тут ствараецца гета, а потым яны расстрэльваюць усіх габрэяў. А па стане на 1910 год гэта было каля 80% жыхароў вёскі. Дарэчы, расстрэльвалі габрэяў не немцы, а расейцы. Вікіпедыя піша, што расстрэл учынілі байцы Рускага вызвольнага войска, але ў той час карныя аперацыі ў нашым рэгіёне рабілі не РОА, а РОНА — руская народнае вызвольнае войска пад кіраўніцтвам Браніслава Камінскага. На фота: Камінскі на чале сваіх байцоў.

Факт 6. Знакаміты беларус сярод габрэйскай большасці. У вельмі габрэйскім мястэчку былі цікавыя людзі і іншых нацыянальнасцяў. У прыватнасці, беларус Сяргей Заранка. Калі большасць жыхароў былі мяшчанамі, пераважна габрэі, то беларусы былі пераважна сяланамі і да 1861 года прыгоннымі. Лядоўскія сяляне належалі расейскаму князу Любамірскаму, які і валодаў Дуброўнай і Лядамі. Праўда, бацькі Заранкі атрымалі вольную яшчэ да адмены прыгоннага права, што дало магчымасць Сяргею вучыцца маляванню.

Сёння Заранка амаль забыты, але ў свой час быў уганараваны напоўніцу. Жыў у Пецярбургу, пісаў партрэты царскай сям’і, лічыўся прафесарам мастцтва і г.д. Насамрэч, жыццё Заранкі цікава было б вывучыць з пункту гледжання камерцыйнага поспеху.

На фота: карціна Сяргея Заранкі «Дзяўчынка ў блакітным строі» — партрэт дачкі мастака Наталлі.

Факт 7. Заснавальнік размоўнага іўрыту. Заранка, напэўна, адзіны знакаміты беларус з Лядоў. Знакамітых габрэяў больш. У прыватнасці, два пісьменнікі. Адзін з іх Рувім Брайнін. Сям’я Брайніных дала свету шматлікіх знакамітых дзеячаў культуры і навукі ў розных краінах. Сам Рувім з’ехаў з лядоў у 16 год у Маскву, але потым жыў у Вене, Нью-Ёрку. І ў Аўстрыі, і ў ЗША ён выдаваў часопісы і газеты на іўрыце ды ідышы. Цэлымі тамамі выдаваў кнігі па рэлігіі, біяграфіі знакамітых людзей, а таксама яго лічаць адным з заснавальнікаў размоўнага іўрыту. У Тэль-Авіве ёсць вуліца, названая ў гонар нашага земляка.

Факт 8. Гімалайскі мядзьведзь з Лядоў. Яшчэ адзін знакаміты пісьменнік Левін Дойвбер. Празаік, якога Самуіл Маршак называў «Гімалайскім мядзьведзем», абыгрываючы яго імя. Сёння нам мала вядомыя яго творы, бо пісаў ён апавяданні пра падлеткаў і для падлеткаў, якія былі звязаныя з грамадзянскай вайной. Пагадзіцеся, сёння мы мала чытаем і глядзім змесціва пра грамадзянскую вайну ў СССР. Але ў свой час гэта было вельмі актуальным і, як мінімум, адно апавяданне Левіна «Федзька» экранізуецца. Яшчэ адна прычына таго, што сёння мы мала ўзгадваем Дойвбера ў тым, што ён дастаткова рана загінуў. У 35 гадоў (для большасці пісьменнікаў гэта ўзрост самага пачатку папулярнасці) маючы некалькі кніг і некалькі п’ес у сваім партфоліё ён добраахвотнікам ідзе на фронт і ўжо зімой гіне пад Ленінградам.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Ляды. Некалькі цікавых фактаў

Пашыраем геаграфію цікавых вёсак Аршаншчыны

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение