Наркамафія для Беларусі стала ўжо рэальнай праблемай, але пакуль міліцыя з цяжкасцю лавіла толькі "закладчыкаў". Гэта пераважна маладыя людзі, прычым каля паловы паведамленняў пра такія затрыманні паходзілі з нашага рэгіёна: або закладчыкі работалі ў Аршанскім раёне, або былі затрыманыя тут, або працавалі ў іншых рэгіёнах, але паходзяць з Оршы. Канешне, затрыманні дробных гандляроў аніяк на агульную сітуацыю не ўплывала, а да аптавікоў міліцыя дацягнуцца не магла.
Напрыканцы тыдня з'явілася добрая навіна ў сферы барацьбы з наркотыкамі. Нарэшце міліцыянты змаглі ўзяць аптавіка. Дома ў 34-гадовага жыхара Сянно знайшлі 1,2 кілаграмы мефедрона. Для разумення патлумачым, што 250 міліграмаў гэтага наркотыка хапае для перадазіроўкі. Адпаведна, у яго было канфіскавана каля 5.000 дозаў. Дастаткова, каб усё дарослае наельніцтва Сянно ўвесці ў наркатычны транс, яшчэ і на прыгарад застанецца.
Не сакрэт, што амаль усе наркотыкі ў Беларусь паступаюць праз расейскую мяжу. На гэтым тыдні беларускія міліцыянты, нарэшце, прымусілі папрацаваць і усходніх калегаў. З дапамогай, у тым ліку, аршанскіх міліцыянтаў на тэрыторыі Расіі быў знойдзены тайнік на 3 кілаграмы мефедрона. Ды яшчэ і затрымалі 6 наркакур'ераў, якія за ім прыехалі. Усе яны былі жыхарамі Беларусі ад 16 да 40 гадоў.