Сапраўдная аршанская спартовая зорка, яскравая і хуткая. Яна ўжо на дзявочых спаборніцтвах паказвала свой нешараговы патэнцыял. Аліна Талай уварвалася ў беларускі спорт і сходу пачала заваёўваць чэмпіёнскія тытулы ў краіне, выязджаць з Беларусі на буйныя турніры за мяжу і паказваць добрыя секунды там. За яе плячыма ўдзелы ў Алімпіядах, чэмпіянатах свету і Еўропы, Гран-пры і многіх іншых самых прэстыжных спаборніцтвах на планеце Зямля.
Апошнім часам пра Аліну было амаль не чуваць. Яна жыла і трэніравалася недзе ў Аўстрыі, часам выступала на нейкіх стартах, але пэўнай інфармацыі пра яе не было. Яна не выказвалася і на палітычныя тэмы, ніяк не прарэагавала публічна на расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны, на пратэсты 2020 году ў Беларусі, хаця раней палітычных тэмаў не абмінала.
Найвышэйшым дасягненнем у спорце для Аліны стаў бронзавы медаль чэмпіянату свету ў кітайскім Пекіне ў 2015 годзе на кароннай дыстанцыі — бегу на 100 метраў з бар’ерамі.
Алімпійскія гульні ў Токіё меліся прайсці ў 2020 годзе, але праз сусветную пандэмію каранавірусу іх перанеслі на 2021 год. Японская Аліммпіяда мелася стаць трэцяй і заключнай — у сілу ўзросту — Алімпіядай для спартоўкі, пасля Лонлану-2012 і Рыа-дэ-Жанэйра-2016.
На вялікі жаль, аршанка перад Гульнямі парвала ахілавае сухажылле, і яе ўдзел у турніры быў выключаны.
Як прызналася сама беларуска ў сваім інстаграме, эпідэмія траўмаў пачалася яшчэ ў 2018 годзе з пералому ў ступаку. Затым траўмы пайшлі адна за адной, і трываць боль стала невыносна. Менавіта стан здароўя праз траўмы стаў асноўнай прычынай таго, што бар’ерыстка развіталася са спортам.
Аліна Талай — самая моцная бягуха на 100 метраў з бар’ерамі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Наш сайт неаднаразова пісаў пра поспехі зямлячкі, яе дасягненні і медалі. Зычым Аліне знайсці сябе ў жыцці і пасля кар’еры ў спорце!