Як і ўсе апошнія гады, ён праходзіў у Лядовай арэне. Асноўны турнір «А» выгуляў Аляксей Аляксандраў з Менску, які ў 9 партыях набраў 7,5 пунктаў. Аршанец Вячаслаў Зарубіцкі стаў срэбраным прызёрам, набраўшы 7. Замкнуў тройку Кірыл Ступак, а аршанец Міхей Навуменка стаў чацвертым, таксама набраўшы 7 пунктаў, але саступіўшы па дадатковых паказніках.
У турніры «В» перамог Ігар Ягоранкаў з Расеі, у турніры «С» беларус Іван Садоўскі. Турнір «D» стаў трыўмфальным для беларуса Ягора Жураўскага, а «Е» для расейкі Вікторыі Махінай. У турніры «F» перамогу адсвяткавала Анастасія Няўкрытых з Расеі.
Таксама адбыліся два турніры па бліцы. Расеец Аляксандр Хрыпачэнка стаў пераможцам галоўнага, а другі скончыўся перамогай расейца Аляксандра Белахвосціка.
Варта адзначыць, што пасля вайны, якую Расея развязала супраць Украіны, міжнародная федэрацыя шахмат (ФІДЭ) увяла шэраг санкцый. Некаторыя беларускія шахматысты вымушана пакінулі радзіму і апынуліся за мяжой. А турнір у Воршы, які збіраў маладых і дасведчаных шахматыстаў з Латвіі, Эстоніі і шэрагу іншых краін, цяпер ператварыўся ў змаганні паміж беларусамі і расейцамі — на гэты раз у турніры былі прадстаўлены толькі яны.