Пасля паразы ад «Сталіцы» ў паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі ў міні-футболе гульцы «Вітэну» змагаюцца толькі за бронзу. У суперніках — «Мінск», які саступіў у барацьбе за золата раней, а таму меў больш часу на аднаўленне. Да першай гульні ў склад энергетыкаў вярнуўся Уладзіслаў Брэднеў, аднак праз траўмы не гулялі Арцём Зуёнак і Павел Рагавік.
Але і без іх «Вітэн» справіўся выдатна. У першай сустрэчы, што прайшла ў спартовай залі на Шаўчэнкі, аршанцы разграмілі «Мінск» 6:1. Галы праводзілі Балдзін — 3, Маргар’ян, Разуванаў. А вось чацвёрты гол аршанцаў правёў брамнік Эльяшэвіч, які трапна стрэліў у пустую браму чырвона-сініх, калі тыя знялі брамніка.
Траўмаваны нядаўна Брэднеў не толькі вярнуўся на пляцоўку, але яшчэ і зрабіў галявую перадачу Разуванаву пры шостым узяцці чужой брамы. «Мінск» здолеў адказаць адно мячом у самым канцы сустрэчы. Перамога «Вітэна» 6:1.
У другім паядынку серыі каманды сустрэнуцца 8 чэрвеня ў Менску. Старт сустрэчы, а 20-й гадзіне.