Да гэтай тэмы мы вырашылі звярнуцца пасля ўчарашняга артыкула "Нам зноў абяцаюць", у якім мы нагадалі, што ўжо некалькі гадоў чыноўнікі моршчаць ілбы над дробязнай праблемай - запусціць ад Оршы да Смаленска бесперасадачны дызель-цягнік. Не паміж Оршай і Парыжам, заўважце. Унутры Саюзнай дзяржавы!
А былі ж і яшчэ больш фантастычныя ідэі. Напрыклад, дабірацца па вадзе па маршруце Смаленск - Дарагабуж - Орша - Магілёў. Маўляў, гэта ж танна - па Дняпры.
З 2014 года і надалей выйшла некалькі публікацый у розных СМІ пра тое, што з расійскага боку Днепр ужо да гэтага рыхтуюць. Называлася нават, што ў праекце ўдзельнічае беларускае прадпрыемства «ДнепраБугводшлях». Яно павінна было расчысціць і паглыбіць абмялелае рэчышча ў межах Смаленска. Расія вылучыла на гэта 82,4 мільёна сваіх рублёў. Гэтыя намаганні павінны былі б прывесці да аднаўлення суднаходства - грузавога і пасажырскага.
Ніякіх цяжкасцяў для хуткага завяршэння праекту няма пры своечасовым і дастатковым фінансаванні - заяўляў тады начальнік Дэпартамента па прыродных рэсурсаў і экалогіі адміністрацыі Смаленскай вобласці Раман Захараў.
Але вось на двары 2025-ты, а мы з вамі ўсё яшчэ не плывём на катары з Оршы ў Смаленск. У адкрытых крыніцах нам не ўдалося знайсці інфармацыю пра завяршэнне запланаваных работ і пра тое, куды пайшлі выдзеленыя на гэта грошы.
Дарэчы, Дняпро на тэрыторыі Беларусі прыдатнае для такіх праектаў. А вось з расійскага боку ўсё больш складана. Там праз шэраг прычын яшчэ ў часы СССР рака змялела, берагі разбураліся. Ніякіх намаганняў для аднаўлення суднаходства савецкія ўлады не прыклалі. А ў 1977 годзе Смаленскі аблсавет увогуле забараніў выкарыстанне на рацэ цеплаходаў, катараў і нават... маторных лодак. Суднаходства прыйшло ў поўны заняпад, тысячы судоў засталіся гніць па берагах Дняпра ці ў лепшым выпадку былі адпраўлены на металалом.