Падрыхтоўка "Оршы" да 1-й лігі часткова аплочваецца з кішэні саміх футбалістаў. Паводле інфармацыі, якая паступіла ў рэдакцыю нашага сайта, футбольны клуб "Орша" ездзіў на дзве перадсезонныя гульні - ў Магілёў і Наваполацк за свой рахунак. Каманда не здолела б патрапіць у не такія і далёкія ад Оршы гарады, калі б гульцы не запраўлялі аўтобус са сваёй кішэні.
Гэта значыць, што адказныя асобы прадаставілі камандзе аўтобус без бензіну? І гэта ў той час, калі "Оршы" патрэбныя фінансы на якасную падрыхтоўку да сезону, на новых футбалістаў, якія б дапамаглі камандзе замацавацца ў 1-й лізе, на маладое пакаленне, якое неўзабаве зможа прыйсці на змену лідэрам. Пасля гучных заяваў аб тым, што клубу будзе прадастаўлена фінансаванне, "Орша" развіталася з некалькімі вядучымі гульцамі і ездзіць на таварыскія матчы перад сезонам за рахунак саміх футбалістаў клуба.
Што будзе далей, каманда паедзе на матч на прыгарадным аўтобусе? Напэўна, сітуацыя з гарадскім бюджэтам такая, што ўжо становіцца не да футбола. Хацелася б памыляцца.