"Сіня-белыя" гулялі ў Лідзе, дзе сустракаліся з клубам, якому прайгралі ўсе папярэднія 6 матчаў у рамках 1-й лігі. На жаль, не стаў выключэннем і 7-мы паядынак. Хаця ўсё для аршанцаў пачыналася добра - ужо на 7-й хвіліне ў браму "Ліды", нягледзячы на пратэсты гаспадароў, быў прызначаны пенальці, і Сяргей Анкіновіч рэалізаваў яго. На 26-й хвіліне пасля падачы вуглавога Дабравольскі зраўняў лік, а яшчэ праз 8 хвілінаў той жа самы гулец "чырвона-белых" лідзянаў спрычыніўся да другога голу ў браму Яўгена Гудзенкі. Пасля ягонага ўдару Соу Нуу "Буба" зрэзаў мяч ва ўласную браму. Больш галоў у матчы не было, а ўсе тры жоўтыя карткі зарабілі гульцы "Ліды", аршанцы правялі гульню без пакаранняў. 1:2.
На вялікі жаль, "Орша" зноў саступае суперніку, які нічым не пераўзыходзіць яе ў класе. Пасля 3 тураў "ільняныя" апынуліся ў так званай "зоне вылету", на 15-й пазіцыі.